Відзаўскі каледж прэзентаваў прафарыентацыйную праграму

Власть и общество
Заканчваецца навучальны год, і перад выпускнікамі школ паўстае складанае і лёсавызначальнае пытанне: куды пайсці вучыцца і якую прафесію выбраць?

Як сведчыць практыка, далёка не кожны, хто закончыў інстытут ці ўніверсітэт, можа знайсці работу па спецыяльнасці. І даводзіцца ісці працаваць у супермаркеты, на рынкі, вадзіцелямі і інш.

У той жа час выпускнікі каледжа ці вучылішча, якія атрымалі патрэбную прафесію, ужо працуюць, няхай не на самай прэстыжнай, але добра аплачваемай рабоце.

Дык, можа, лепш адразу падыходзіць да выбару прафесійнай будучыні абдумана, з улікам сваіх магчымасцей і рэалій рынку працы. Тым больш што далёка ехаць нікуды не трэба: Відзаўскі каледж прапануе шырокі выбар запатрабаваных спецыяльнасцей.

Каб лепш прадставіць сваю ўстанову адукацыі, яе навучэнцы паказалі ў РЦК для старшакласнікаў гарадскіх школ яскравае мерапрыемства «Кірмаш прафесій». На выставе, якая разгарнулася ў фае ўстановы культуры, можна было пазнаёміцца з пералікам спецыяльнасцей каледжа, асноўнымі накірункамі пазавучэбнай дзейнасці навучэнцаў, арганізацыі іх вольнага часу.

Таленавітыя юныя артысты навучальнай установы з запалам і гонарам прадставілі свае прафесіі. Прыгожыя песні, рытмічныя танцы, гумарыстычныя сцэнкі ў іх выдатным выкананні паказалі, што ў каледжы вучыцца актыўная, дзейная і матываваная моладзь.

І гэта не дзіўна, бо відзаўская кузня кадраў сапраўды сёння з’яўляецца сучаснай і перадавой адукацыйнай установай, дзе створаны ўсе належныя ўмовы для вучобы і рэалізацыі творчага патэнцыялу навучэнцаў. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.