Вароты ў космас. Гісторыя браслаўчаніна, які нёс службу на Байкануры

Актуальное Люди
Байканур непарыўна звязаны з велічнымі імёнамі людзей, якія адкрылі і праклалі дарогу да зорак. А каб гэтыя значныя падзеі свету змаглі адбыцца, на касмадроме бесперапынна працуюць тысячы і тысячы ваеннаслужачых і грамадзянскіх асоб. Больш за 10 гадоў там нёс службу і браслаўчанін Віктар Навіцкі.

Пасля заканчэння Ленінградскага ваеннага інстытута па спецыяльнасці «ваенны геадэзіст» малады лейтэнант прыбыў на легендарнае месца. І першае, што ўразіла беларуса, — прырода і спякота.

— Куды ні кінеш вокам, — расказвае Віктар, — усюды чырвона-жоўты пясок. Днём слупок тэрмометра падымаўся да +60 ˚С. Яйка можна было зварыць у пяску за пяць мінут.

Зразумела, рэзка кантынентальны клімат даволі цяжкі для арганізма: у паветры не хапае кіслароду, перапады тэмпературы днём і ноччу, зімой дзьмуць моцныя вятры, ад якіх пясок пастаянна клубіцца.

Але найбольш уразіў сам касмадром, на якім размяшчалася каля 250 пляцовак. Амаль кожны дзень у неба ўзляталі розныя ракеты. Спачатку было незвычайна і цікава, узгадвае суразмоўца, а потым прызвычаіўся.

На Байкануры В. Навіцкі выконваў задачы геадэзічнага характару.

Падчас выканання геадэзічных работ для пляцоўкі касмадрома.

Яму давялося ўдзельнічаць у падрыхтоўцы, распрацоўцы і запуску комплексу «Буран».

— Каб сабраць ракету, — кажа Віктар, — дэталі і камплектуючыя дастаўлялі на паяздах з усяго Савецкага Саюза. Гэта касмічная канструкцыя ўражвала сваёй велічнасцю і магутнасцю.

Запомніў мужчына і старт «Бурана»:

— Калі ракета запускаецца і рухавік пачынае працаваць, там ужо не агонь, а плазма. Тэмпература падымаецца на некалькі тысяч градусаў. Згарае ўсё, што трапляе ў гэтую зону.

Апошні этап зборкі комплексу «Буран».

Вібрацыя паветра ад ракетнага комплексу адчувалася на адлегласці больш за 30 км. У некаторых дамах нават вокны высыпаліся.

Гэты старт Віктар назіраў разам з прыёмачнай камісіяй, якая знаходзілася ў наглядальным пункце. У яе склад уваходзіў і касманаўт Аляксей Лявонаў. Па традыцыі ён падзякаваў усім за якасную работу, паціснуў руку і В. Навіцкаму. Зразумела, усё, што адбывалася на касмічным палігоне, было пад грыфам «сакрэтна». І ўсе падпісвалі адпаведныя дакументы аб захаванні сакрэтнасці. І ваенныя, і грамадзянскія асобы жылі ў Ленінску, які быў сапраўдным аазісам сярод пустыні на беразе ракі Сырдар’я. Вялікі горад патанаў у зеляніне, якая захоўвала ад спякоты і прыносіла палёгку. Вельмі развітая інфраструктура: школы, стадыёны, басейн, вялікі медыцынскі цэнтр, гасцініцы, хлебазавод, кафэ і рэстараны. Забеспячэнне па першай катэгорыі. На прылаўках магазінаў — мяса, каўбасы, агародніна, садавіна, розныя прысмакі, і ўсё каштавала зусім нядорага. Жыў Віктар спачатку ў гасцініцы. А калі ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, то маладой сям’і выдзелілі кватэру. Часта ў горад касманаўтаў наведваліся замежныя дэлегацыі. Субяседнік узгадвае, як разам з французскімі касманаўтамі ўдзельнічаў у розных спартыўных гульнях. Здаецца, усім быў забяспечаны Ленінск. Аднак аднаго не хапала беларусу: папарыцца ў лазні бярозавым венікам. І каб парадаваць свайго сына, бацькі дасылалі яму гэты важны атрыбут. Ды і знаёмыя, адзначае В. Навіцкі, з задавальненнем парыліся беларускімі венікамі. Пасля распаду сацыялістычнай дзяржавы В. Навіцкі разам з сям’ёй, у якой падрастала дачка, вярнуўся на радзіму. Нямала гадоў прайшло з таго часу, але служба на легендарным касмадроме засталася яскравай старонкай у біяграфіі нашага земляка. ■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.