Браслаўскія школьнікі правялі вясеннія канікулы весела і з карысцю

В свободное время
Пасля доўгай і цяжкай трэцяй чвэрці школьнікам, безумоўна, трэба было добра адпачыць, каб з новымі сіламі выйсці на фінішную прамую навучальнага года. Таму ва ўстановах адукацыі раёна былі створаны ўсе належныя ўмовы для баўлення іх вольнага часу і карыснага аздараўлення.

Як адзначыла метадыст навукова-метадычнага кабінета аддзела райвыканкама па адукацыі Алена Гірон, па традыцыі падчас вясенніх канікул у школах праходзіў Тыдзень дзіцячай кнігі і музыкі. Кожны дзень дзеці маглі адправіцца ў незвычайнае віртуальнае падарожжа, удзельнічалі ў новых літаратурных адкрыццях, конкурсах і віктарынах, сустракаліся з цікавымі людзьмі. На базе ўсіх устаноў адукацыі Браслаўшчыны дзейнічалі каля 120 аб’яднанняў па інтарэсах. Вучні 4 — 9 класаў прадэманстравалі свае веды на вясенніх раённых алімпіядах.

Сёлета наша краіна рыхтуецца да значнага юбілею вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму ва ўсіх школах, адзначае А. Гірон, проходзілі памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце, хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі і прыбралі воінскія пахаванні.

Асаблівая ўвага ў Год малой радзімы ўдзялялася арганізацыі экскурсій школьнікаў у музеі, паходаў па прыгожых мясцінах Браслаўшчыны. У многіх установах адукацыі створаны фотазоны — невялікія куточні малой радзімы.

Таксама ладзіліся сустрэчы з педагогаміпсіхолагамі, мясцовымі паэтамі, супрацоўнікамі праваахоўных і ратавальных службаў, пагранічнікамі.

Запрашалі дзяўчынак і хлопчыкаў усе клубныя ўстановы і бібліятэкі. Шмат мерапрыемстваў у рамках Тыдня кнігі і музыкі прайшло ў гарадской дзіцячай бібліятэцы. Гэта віртуальныя падарожжы, літаратурная гасцёўня і выстава, тэатралізаванае прадстаўленне, урок мужнасці, гульнявыя праграмы.

Асаблівая ўвага на кожных канікулах удзяляецца арганізацыі аздараўлення вучняў. У сямі школах дзейнічалі лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей, у якіх аздаравіліся 240 школьнікаў. Пры залічэнні ў лагеры, адзначыла А. Гірон, перавага аддавалася дзецям-сіротам, з малазабяспечаных, шматдзетных сямей, дзецям з аслабленым здароўем і з сямей, што трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча.

Усе лагеры былі профільнага накірунку: культурна-масавага і грамадска-гуманітарнага. Для належнага адпачынку школьнікаў былі створаны добрыя ўмовы, распрацаваны планы работы. Пры арганізацыі трохразовага харчавання і дзённага сну для вучняў пачатковых класаў дзеці бавілі свой вольны час да 16 гадзін.

Цікавым быў і апошні дзень вясенніх канікул, прысвечаны гадзіне Зямлі. Так, вучні другой гарадской школы выйшлі на вуліцы горада і знаёмілі жыхароў з экалагічнымі праблемамі планеты, раздавалі лістоўкі, а вечарам падчас фотамарафону шукалі ў Браславе будынак ці дом, у якім з 20.30 да 21.30 было выключана святло. Гімназісты правялі маштабнае мерапрыемства каля сваёй установы адукацыі. Цікавая літаратурна-музычная кампазіцыя, музыка, танцы прываблівалі прахожых, якія з задавальненнем далучаліся да акцыі. У сельскіх школах, якія таксама не засталіся ў баку ад падзеі, праходзілі віктарыны, конкурсы малюнкаў, суботнікі і флэшмобы. ■

Алена ПЯТУШКА.