Браслаўскія гімназісты далучыліся да БРСМ і атрымалі білеты новага ўзору

Власть и общество
Самае масавае маладзёжнае аб’яднанне краіны — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — заўсёды рады новым членам. Штогод у яго ўступаюць юнакі і дзяўчаты.

Браслаўскі райкам БРСМ можа ганарыцца сваімі актывістамі. Яны заўсёды адклікаюцца на акцыі, становяцца пераможцамі і лепшымі сярод равеснікаў падчас розных мерапрыемстваў. Нядаўна першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Сайкоўская завітала ў гімназію з прыемнай місіяй: уручыць значкі і членскія білеты сучаснага ўзору ўдзельнікам маладзёжнага руху.

Як цяпер выглядае білет? Гэта пластыкавая картка з усёй неабходнай інфармацыяй, у тым ліку асабістымі данымі ўладальніка. Кожнай картцы прысвойваецца ўнікальны код прыналежнасці да вобласці і канкрэтнага тэрытарыяльнага камітэта. Таксама ўладальнік новага білета можа стаць удзельнікам розных эксклюзіўных акцый па ўсёй краіне.

Кацярына Сайкоўская разам з галоўным спецыялістам Дар’яй Гірса пажадалі гімназістам поспеху ва ўсіх пачынаннях, актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці не толькі раёна, а і краіны і, безумоўна, лідарства. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.