Без спешкі і аўралу. Як вядуць пасяўную ў «Маяку»

Экономика и финансы
Сёлетняя ранняя вясна дазваляе хлебаробам раёна завяршыць сяўбу ў самыя спрыяльныя тэрміны. У трох гаспадарках нават паспелі заняць збожжавымі і зернебабовымі большыя плошчы, чым планавалі. Цяпер кладуць у глебу насенне крыжакветных культур ды чакаюць павышэння тэмпературы паветра, каб сеяць кукурузу. Пра арганізацыю веснавых палявых работ у СВК «Маяк Браслаўскі» расказала галоўны аграном гаспадаркі Валянціна Таўкінь.

— Валянціна Віктараўна, тэмпы пасяўной кампаніі ў першую чаргу залежаць ад двух фактараў: добрага надвор’я і гатоўнасці тэхнікі. З першым сёлета пашанцавала як ніколі. Думаю, і з другім у вас было ўсё ў парадку…

— Якраз за тэхнічнае забеспячэнне арганізацыі работ у гэтым годзе я і перажывала больш за ўсё. Справа ў тым, што наш галоўны інжынер Іван Шпак пайшоў на заслужаны адпачынак. На яго месца прыйшоў новы чалавек — Міхаіл Януль, які да гэтага працаваў майстрам вытворчага навучання ў Відзаўскім каледжы. Вядома, адна справа — вучыць будучых механізатараў асновам устройства трактароў, другая — займацца арганізацыяй рамонту тэхнікі на практыцы. Але, як высветлілася, хваляванні мае былі дарэмнымі. Новы інжынер паспяхова прайшоў першае выпрабаванне. Ён і ў ходзе падрыхтоўчых работ, і падчас сяўбы аператыўна вырашаў узнікаючыя праблемы па ліквідацыі паломак. Спадзяюся, спрацуемся і далей.

— У гэтым годзе ваша гаспадарка прырасла ворыўнымі землямі. Ці давялося ў сувязі з гэтым мяняць графік усяго ходу веснавых палявых работ?

— Я б не сказала, што павелічэнне яравога кліна прымусіла нашых хлебаробаў працаваць у аўральным рэжыме. Па-першае, паколькі мы закрылі план азімай сяўбы, то пад яравую засталіся значна меншыя плошчы, чым, скажам, у мінулым годзе. Але ж і тады работы не зацягнуліся. Па-другое, кожны раз імкнёмся выправіць на палеткі найбольш магчымую колькасць тэхнікі, каб нават з прастоямі з-за надвор’я ўправіцца з сяўбой у максімальна сціслыя тэрміны. А паколькі сёлетняя пагода дазваляла працаваць без прастояў, і не патрэбна пастаянна буксіраваць тэхніку, можна сказаць, прыросту плошчаў не надта і прыкмецілі. Поўнасцю закрылі план па ячменю, аўсу, трыцікале. Заканчваем сеяць рапс і аднагадовыя культуры. Закупілі насенне новага сорту гароху, якім зоймем 350 гектараў, яго таксама ўжо сеем. А там надыдзе час і для кукурузы.

— Дарэчы, Валянціна Віктараўна, летась вам упершыню давялося вырошчваць гэтую культуру не для закладкі сіласу, а і на зерне для кармлення свіней. Эксперымент прадоўжыце?

— А як жа. Распрацаваны на комплексе новы рэцэпт камбікорму з кукурузай даў станоўчы эфект. Таму сёлета зоймем гэтай культурай 600 гектараў, што ўдвая больш леташняга. Паспрыяе надвор’е — зноў будзем малаціць зерне, а калі не паспее, маса пойдзе на сілас. Безумоўна, хочацца спадзявацца, што, як летась, здолеем намалаціць высокакаларыйнай дабаўкі ў свіны корм. А гэта значыць, што за кошт уласнага гароху і кукурузы мы значна зменшым затраты на кармленне свіней, чым знізім сабекошт прадукцыі.

Хачу таксама адзначыць, што паралельна з сяўбой яравых у гаспадарцы паспелі падкарміць пасевы азімых збожжавых і рапсу, частку сенакосаў і пашы. Настае пара догляду пасеваў, а там і сенакос.

Радуе, што сёлетні сезон палявых работ пачаўся без спешкі і аўралу, механізатары робяць сваю справу разважліва, па-гаспадарску, бо прывыклі спадзявацца толькі на свае сілы, веды, вопыт, дысцыплінаванасць. А гэта і вырашае канчатковы вынік плённай працы.

— Дзякуй за змястоўную гутарку.

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.