Друя — веліч рэк і слаўная гісторыя

Главное Год малой родины
Ці бывалі вы хоць раз у Друі? Таго, хто трапляе сюды ўпершыню, безумоўна, уражваюць водныя прасторы Заходняй Дзвіны, Друйкі і мясцовая архітэктура. А той, хто адтуль родам, назаўсёды ў сваім сэрцы захоўвае родныя краявіды… Сёння пра Друю расказваюць Ганна Багеша, якой населены пункт стаў другой радзімай, і Міхаіл Чапінскі — карэнны жыхар.

Ганна БАГЕША, старшыня Друеўскага сельвыканкама:

— Першы раз я трапіла ў Друю ў 2011 годзе і, безумоўна, была здзіўлена гэтымі мясцінамі, ды і ўвогуле Браслаўшчына тады пакінула прыемныя ўражанні. Так склалася, што, прыехаўшы працаваць у дзіцячы дом, засталася тут надоўга. Калі мяне назначылі старшынёй сельвыканкама, то напачатку было складана, але на дапамогу прыйшлі мясцовыя дэпутаты, старэйшыны, актыўныя жыхары. На сваім прыкладзе яны паказалі, што людзі тут вельмі добразычлівыя, спагадлівыя, адукаваныя, актыўныя, якія любяць свой край і перажываюць за яго будучыню. Разам мы ўжо ажыццявілі розныя ідэі. Цяпер сумесна з грамадскім аб’яднаннем трансгранічнага супрацоўніцтва «Еўрарэгіён “Азёрны край”» займаемся рэалізацыяй праекта «У будучыню разам: партнёрства да ўстойлівага развіцця». Праект выйграў малы грант пасольства ЗША ў Беларусі і на працягу года ажыццявіцца. Як вядома, у Друі багатае гістарычнае мінулае. Так узнікла ідэя распрацаваць турыстычны маршрут па пэўных славутасцях, аднак не проста ўсталяваць ля кожнай таблічкі, а прысвоіць адпаведны QR-код, з дапамогай якога праз тэлефон, планшэт можна будзе знайсці гістарычную даведку. Плануецца, што дапамагаць у правядзенні экскурсій будуць школьнікі, таксама хочацца выпусціць серыю паштовак з мясцовымі краявідамі. Адначасова будзем праводзіць семінары па прадпрымальніцтве для ўсіх жадаючых. У Друі ёсць таленавітыя людзі, якія могуць займацца сувенірнай прадукцыяй, кандытарскімі вырабамі, аказваць турыстычныя паслугі, але ім неабходна атрымаць пэўныя веды.

Не ведаю, як склаўся б мой лёс на іншым месцы, аднак я не шкадую, што ён звязаў мяне з Друяй.


Міхаіл ЧАПІНСКІ, карэнны жыхар, актывіст і старэйшына:

— Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся — гэты выраз пра мяне. Мае бацькі родам з Друі, я тут нарадзіўся, вырас, атрымаў адукацыю, ажаніўся, тут нарадзіліся і выраслі мае дзеці… Адна дачка жыве і працуе ў Друі.

Гэта мая радзіма, дзе я ведаю кожную травінку, сцяжынку, куток. Паглядзіце, як тут прыгожа! Дзвіна, Друйка… Кожны метр — успаміны. Напрыклад, як хадзіў у школу, здымаўся ў фільме «Вайна пад стрэхамі», тут прайшла маладосць… Як можна не любіць гэтыя мясціны? Таму з задавальненнем і цікавасцю займаюся бягучым рамонтам царквы, дапамагаю ў іншых справах па ўзнаўленні гісторыі мястэчка. Калі з Міхаілам Ставіцкім рабілі памятны знак вузкакалейцы, то людзі часта пыталіся, навошта я пастаянна нешта будую, рамантую, збіраю? А як інакш? Гэта ж радзіма! Вось цяпер збіраю старыя фотаздымкі Друі. Разам з аднадумцамі хочам зрабіць фотапраект, звязаны з мінулым і сучаснасцю пасёлка. Хочацца, каб засталася памяць нашчадкам. ■

Фота Алены НАБЕЕВАЙ.