Названы вуліцы, якія да «Дажынак» адрамантуюць у Браславе

Главное Дажынкі-2019 Строительство. ЖКХ. Благоустройство
У рамках падрыхтоўкі нашага горада да абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі» запланаваны шырокі спектр работ, рамонтаў і будоўляў. Аднак адной з найбольш актуальных для браслаўчан тэм застаецца стан гарадскіх вуліц. Першыя адказы на пытанні накшталт «што і дзе будзе зроблена» ў гэтым плане ўжо ёсць.

«Браслаў-камунальнік» выступае заказчыкам бягучага рамонту шэрагу гарадскіх вуліц — адпаведная інфармацыя паводле дзеючага заканадаўства размешчана на сайце дзяржзакупак. Перавага, відавочна, аддадзена цэнтральным транспартным артэрыям Браслава і вуліцам, стан пакрыцця на якіх ужо не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Згодна з пералікам работ, на выкананне якіх, дарэчы, цяпер збіраюць заяўкі патэнцыяльных падрадчыкаў, бягучаму рамонту ў нашым горадзе падлягаюць вуліцы Чырвонаармейская, Савецкая, Стадыённая, Маякоўскага, Пясчаная, Юрэнкі, Булойчыка. Агульная працягласць рамантуемых участкаў перавысіць 5 км. На гэтыя мэты з раённага бюджэту накіруюць больш за 425 тысяч рублёў.

Акрамя таго, асобныя ўчасткі гарадскіх вуліц адрамантуюць капітальна: больш падрабязную інфармацыю шукайце ў бліжэйшых нумарах «Браслаўскай звязды». ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.