Рабочая сіла для Трэцяга рэйха. Гісторыя браслаўчанкі, якую фашысты прадалі ў рабства

Вялікай Перамозе - 76
Юнацтва — час надзей і мар, планаў на будучыню, якая абавязкова бачыцца толькі шчаслівай. Але, на жаль, ёсць пакаленне, для якога гэты перыяд звязаны з голадам, холадам і подыхам смерці. Не абышла такая горкая доля і браслаўчанку Яўгенію Малашэнка.

Сямнаццаць гадоў было дзяўчыне, калі ў родны горад Шуміліна ўвайшлі немцы. І сёння гэтая сталая жанчына з болем у сэрцы ўзгадвае тыя жудасныя дні. А летам 1943 года па горадзе разнеслася чутка, што немцы пагоняць моладзь у Германію. Ахопленыя жахам і роспаччу дзяўчаты і хлопцы ішлі на розныя хітрыкі, каб застацца на радзіме. Нехта заварваў і піў тытунь, каб стала млосна, іншыя апальвалі зёлкамі рукі і ногі. Аднак гэта ніяк не дапамагло выратавацца ад пекла. Людзей, як статак, пагрузілі ў вагоны-цялятнікі і павезлі ў Нямеччыну.

Над станцыяй, узгадвае Я. Малашэнка, разносіліся плач, галашэнне і апошнія словы родных. Нават цяжка ўявіць, якія душэўныя пакуты давялося перажыць бацькам пры развітанні з дзецьмі.

У вагоне было столькі людзей, што нават усе і сесці не маглі. Адпачывалі па чарзе. Невыносная стомленасць, голад, жах за будучыню трымалі кожнага на мяжы з вар’ятствам.

— У Германію нас прывезлі ноччу, — расказвае суразмоўніца, — да раніцы трымалі ў будынку станцыі. Потым усіх пастроілі ў рад і пакупнікі выбіралі сабе работнікаў.

Яўгенію і яшчэ 15 беларусаў купіў кіраўнік гаспадаркі з Усходняй Прусіі. Так дзяўчына трапіла ў вялікі прыгожы маёнтак, які зусім не радаваў. Размясцілі ўсіх у бараках, дзе былі двух’ярусныя нары і невялікая печка. Палонным далі коўдры і магчымасць уладкавацца. А на наступны дзень пачалася катаржная работа з раніцы да позняга вечара. І крый божа спазніцца хоць бы на мінутку.

Ад пасяўнога да ўборачнага перыяду Яўгенія працавала на палях, развозіла ўгнаенне, у рэдкім выпадку маглі адправіць палоць агарод. Зімой высякала хмызняк у гаспадарскім лесе. За працай уважліва сачылі тры наглядчыкі. Асабліва здзекаваліся два: яны вярнуліся з фронту, у аднаго не было рукі, у другога — нагі. І ўсю сваю злосць яны спаганялі на палонных.

— Кармілі мала, — працягвае расказ Я. Малашэнка, — таму пачуццё голаду адчувалі ўвесь час.

Праўда, іншым разам удавалася сцягнуць з поля ці з бурта бульбіну. Зварыць яе не было ў чым. Тым не менш дзяўчаты знайшлі выйсце: вялікую колькасць солі развадзілі ў вадзе, з дапамогай анучы растворам змочвалі металічныя кольцы на пячурцы і на гэтым пяклі дранікі. Дапамагалі беларусам палякі, якія жылі намнога лепш. Яны ўпотай перадавалі якую-небудзь муку, каб тыя маглі заліць яе кіпенем.

Не лепшымі былі і бытавыя ўмовы: мыцца даводзілася з аднаго вядра ў бараку, пра лазню і марыць не даводзілася. Нейкае адзенне сушылі тут жа, і, безумоўна, высахнуць яно не паспявала.

Аднойчы падчас палявых работ Яўгенія перакулілася разам з жалезным возам, на якім вазілі ўгнаенне, і моцна пашкодзіла спіну. Але паколькі ўрач сказаў, што косці цэлыя, то на наступны дзень яе пагналі на працу. Перамагаючы боль, са слязамі на вачах дзяўчына выконвала працоўнае заданне.

Праўда, адзначае Я. Малашэнка, былі і радасныя моманты, калі ў нядзелю палякі прыходзілі ў барак з гітарай, баянам і ладзілі танцы.

Так працягвалася амаль два гады. Пакуль аднойчы зімовым вечарам гаспадар з сям’ёй і памочнікамі не запрог коней ў павозкі і ў спешцы не пакінуў свае ўладанні.

З радасцю беларусы набралі гаспадарскіх харчоў і на конях выправіліся на Радзіму. Доўгі і небяспечны быў гэты шлях. У Польшчы іх сустрэлі рускія ваенныя і першай справай адправілі на допыт, бо ў кожным палонным бачылі здрадніка. Потым на цягніку іх давезлі да Віцебска, а там да роднай хаты і рукой падаць.

Не перадаць словамі шчаслівыя хвіліны сустрэчы з роднымі.

Пачалося пасляваеннае жыццё. У хуткім часе Яўгенія пазнаёмілася са сваім будучым мужам і маладая сям’я пераехала ў Браслаў. Па-рознаму складваўся лёс: былі і хвіліны шчасця, і боль страт.

У свой час Я. Малашэнка некалькі разоў атрымлівала ад нямецкага ўрада грашовую кампенсацыю. Але ці могуць «дойчмаркі» ўваскрэсіць забітых і вярнуць спакой душам скалечаных вайной людзей?! ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.