Сталі вядомы падрабязнасці будаўніцтва 60-кватэрнага дома па вуліцы Садовай

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
У аддзеле райвыканкама па архітэктуры і будаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы ў мінулую пятніцу адбыліся грамадскія абмеркаванні наконт узвядзення ў Браславе па вул. Садовай 60-кватэрнага жылога дома долевага будаўніцтва для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Дырэктар Наваполацкага філіяла абласнога дзяржаўнага праектнага прадпрыемства «Інстытут Віцебскграмадзянпраект» Віталь Панасюк расказаў пра архітэктурна-планіровачную канцэпцыю шматкватэрнага дома. У прыватнасці, адзначыў, што размяшчэнне 5-павярховага трохсекцыйнага жылога дома вырашана ў комплексе з існуючай забудовай. Уезд у двор запраектаваны ад дзеючага праезду з вул. Садовай. Пляцоўка новабудоўлі размешчана ў цэнтральнай частцы горада на тэрыторыі, прызначанай у адпаведнасці з Генеральным планам г. Браслава для сярэднепавярховай шматкватэрнай забудовы.

У 5-павярховым доме будзе пабудавана па 30 аднапакаёвых і двухпакаёвых кватэр. Доступ у жылую частку будынка маламабільных груп насельніцтва прадугледжаны па пандусах, абсталяваных поручнямі. Уваходныя дзверы ў пад’езды запраектаваны металічныя, укамплектаваныя ахоўна-перагаворным устройствам, дах — кроквенны з пакрыццём азбестацэментнымі лістамі, апрацоўка сценаў і столяў лесвічных клетак, некватэрных калідораў — акрылавая афарбоўка. А вось унутраная апрацоўка сценаў і падлогі ўнутры кватэр не прадугледжана заданнем на праектаванне.

Каля новага дома запраектаваны 3 аўтамабільныя стаянкі — на 47, 19 і 4 машына-месц. Таксама прадугледжаны пляцоўкі: для адпачынку дарослых, гульнявыя для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, для заняткаў фізкультурай, гаспадарча-бытавога прызначэння. Усе пляцоўкі будуць абсталяваны малымі архітэктурнымі формамі. Перад уваходам у жылы дом установяць лаўкі і ўрны. Яшчэ канцэпцыя прапаноўвае добраўпарадкаванне тэрыторыі з арганізацыяй зручных пешаходных і транспартных сувязей.

Пасля азнаямлення з канцэпцыяй узвядзення шматкватэрнага жылога дома Віталь Панасюк і дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Браслаўскага раёна» (заказчык новабудоўлі) Аляксандр Дзярук адказалі на цікавячыя пытанні. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.