Пра што пісала «Браслаўская звязда» 25 гадоў таму назад (сакавік 1994-га)

Калейдоскоп
ВОЗЕРА Ў НЕБЯСПЕЦЫ

Калі выпадае суровая і працяглая зіма, на воз. Навяты пачынаецца замор рыбы. Не абмінула бяда вадаём і сёлета. Каб неяк зменшыць згубны для яго жыхароў вынік, меліяратары ў некалькіх месцах разбілі лёд і кампрэсарамі пачалі нагнятаць кісларод у ваду. Выправіць справу можа канал паміж Навятамі і Дрывятамі. Але для гэтага трэба будаўніцтва 2 мастоў: па вул. Ленінскай і на аб’яздной дарозе. А пакуль што вядзецца аблоў возера, рыбу здаюць у гарадскія магазіны.

І ДНЁМ З АГНЁМ

Браслаўчане не аднойчы на працягу сёлетняй зімы абураліся тым, што вулічныя ліхтары гараць па горадзе нават днём. У час, калі толькі і чуеш пра энергетычны крызіс ды неабходнасць эканоміць, такое марнатраўства! У электрасетках патлумачылі, што светлавыя рэле, якія самі павінны адключаць і ўключаць лініі вулічнага асвятлення, у час снегападаў не спрацоўваюць, і тады ліхтары гараць кругласутачна. Чаму ж электрыкі не дапамогуць аўтаматыцы?

НОВАЯ СЛУЖБА У РАУС

пачала дзейнічаць новая служба, стварэння якой тут дабіваліся не адзін год. Працэсы, што працякаюць цяпер у грамадстве, не лепшым чынам адбіваюцца на законапаслухмянасці грамадзян. Ужыванне спіртнога зноў перасягнула мяжу разумнага, пачасціліся факты хуліганства, разбою, рабаўніцтва. Таму, каб браслаўчане маглі па вечарах без боязі хадзіць па горадзе, і была ўтворана патрульна-паставая служба міліцыі, у якую ўвайшлі 7 чалавек.

ЗАТОЕ БЕЗ ПРЫПЫНКАЎ

Восьмага сакавіка пасажыры, якія збіраліся ехаць на Віцебск, былі непрыемна здзіўлены: білеты аказаліся на 1 000 руб. даражэйшымі. Асабліва абураліся студэнты, якім адмовілі ў звыклай 50-працэнтнай скідцы. У касе патлумачылі, што маршрутнага аўтобуса не будзе і таму Браслаўскі аўтапарк арганізаваў камерцыйны рэйс, дзе льгот няма, затое транспарт ідзе без прыпынкаў. Па ўсёй верагоднасці, такія рэйсы хутка стануць звычайнай справай.

У СЯБРОЎСТВЕ З КАМП’ЮТАРАМ

Ва ўсім свеце лічыльнікі і арыфмометры — музейныя экспанаты. На змену ім і ў нас хутка прыйдзе складаная камп’ютарная тэхніка. Вось чаму, сабраўшыся на свой чарговы семінар, дырэктары школ выехалі ў Мількаўскую школу, каб пазнаёміцца з накопленым там вопытам навучання дзяцей карыстанню камп’ютарамі. Інтэграваны ўрок геаграфіі і інфарматыкі, які далі настаўнікі С. П. Гайдзель і І. С. Максімовіч, паказаў неабмежаваныя магчымасці гэтай тэхнікі.

ДАНТЫСТЫ — ЗУБНЫ БОЛЬ МЕДСЛУЖБЫ РАЁНА

У нас даўно ўжо сталі звыклымі скаргі жыхароў раёна на тое, як цяжка вылечыць зубы. Чэргі няшчасных людзей — звычайная справа ў нашых паліклініках і амбулаторыях. Прычыны розныя: то не адкрылі ставак, то не было жылля для спецыялістаў, і яны з’ехалі, то не было саміх спецыялістаў. Цяпер сітуацыя зноў абвастрылася: відзаўскі ўрач у дэкрэце, браслаўскі па кантракце паехаў у Чарнобыльскую зону — трапіць на прыём стала амаль немагчымай справай.

ПАДВЕДЗЕНЫ ВЫНІКІ ПАДПІСКІ

Жыхары нашага раёна, як бы сёння цяжка ні жылося, не адмаўляюцца ад любімых газет і часопісаў: на 2-гі квартал выпісана 27 403 экзэмпляры. Самай папулярнай сярод рэспубліканскіх перыядычных выданняў з’яўляецца «Народная газета». Яе пажадалі атрымліваць у 3 027 сем’ях, 1 230 экзэмпляраў выпісана «Звязды», 887 — «Советской Белоруссии». Радуе, што на 10 сакавіка раённую газету «Браслаўская звязда» пажадалі атрымліваць 5 915 падпісчыкаў.

ХОЧАЦЦА ЖЫЦЬ НАРМАЛЬНА

Жыццё стала такое супярэчлівае, што кожны дзень здзіўляе. А што датычыць сельскіх гаспадароў, то ствараецца такое ўражанне, быццам урад здзекуецца з іх. Узяць хоць бы такі факт. Нарыхтоўчыя магазіны прымаюць у насельніцтва воўну па 360 руб. за кілаграм. Гумовыя ж боты каштуюць сёння каля 50 тыс. руб. Раней, каб іх купіць, трэба было здаць кілаграм воўны, а цяпер… За сваю прадукцыю селянін практычна нічога не купіць, а хочацца жыць нармальна. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.