Ветлівыя і далікатныя Наталля Сокалава і Юлія Аўсюкевіч заўсёды з усмешкай сустракаюць пакупнікоў

Люди
Амаль кожны дзень мы ходзім у магазін. І калі цябе там сустракае прыветлівы прадавец, то часам набываеш тавару намного больш, чым запланаваў. Таму, бясспрэчна, добразычлівасць — галоўная якасць супрацоўнікаў гандлю. У поўнай меры ёй валодаюць работнікі магазіна ў агр. Ахрэмаўцы Наталля Сокалава і Юлія Аўсюкевіч.

Гэты гандлёвы аб’ект, які належыць ААТ «ТБЗ Браслаўскі», абслугоўвае большую частку населенага пункта. У прасторным магазіне на стэлажах і ў халадзільных камерах размешчаны вельмі шырокі асартымент тавару як харчовага, так і прамысловага. І мясцовым жыхарам не трэба штораз выбірацца ў горад, каб набыць усё неабходнае для дома.

А вопытныя прадаўцы Н. Сокалава і Ю. Аўсюкевіч заўсёды дапамогуць сваім наведвальнікам выбраць патрэбнае. Абедзве жанчыны ўжо больш за 10 гадоў працуюць у галіне гандлю і няпісанае правіла «пакупнік заўсёды мае рацыю» засвоілі добра. Таму сустракаюць і абслугоўваюць усіх з лагоднай усмешкай. Ветлівыя, далікатныя жанчыны ўмеюць «развесці» любую канфліктную сітуацыю і задаволіць самага патрабавальнага пакупніка.

— У магазіне галоўнае, — кажа Наталля, — умець размаўляць з людзьмі. Трэба і дзіцяці дагадзіць, і бабулю не пакрыўдзіць.

Самі жанчыны мясцовыя, таму добра вывучылі густы і перавагі сваіх пакупнікоў. Іншым разам даводзіцца быць яшчэ і ў ролі псіхолага, бо некаторыя расказваюць нават тое, што можна даверыць толькі самым блізкім людзям.

— Бывае, паспачуваеш чалавеку, пашкадуеш яго ды проста выслухаеш, — заўважае Юлія, — і бачыш, як змяніўся яго настрой у лепшы бок.

Але ўсё ж галоўнае для прадаўцоў — своечасова кантраляваць наяўнасць і паступленне прадукцыі, сачыць за тэрмінам яе прыдатнасці, умовамі захавання і разнастайнасцю асартыменту, рабіць усё, каб якасць гандлю расла. Зразумела, работа прадаўца даволі складаная як фізічна, так і маральна. Аднак, прызнаюцца суразмоўніцы, калі любіш сваю справу, то яна не здаецца цяжкай. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.