У Браславе абмеркавалі стан спраў у сферы падрыхтоўкі горада да «Дажынак»

Главное Дажынкі-2019 Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Бягучы стан спраў у сферы падрыхтоўкі Браслава да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі» абмеркавалі на чарговым пасяджэнні адпаведнага штаба. Галоўнай тэмай для размовы стала выкананне лінейных графікаў работ у разрэзе канкрэтных аб’ектаў.

Адразу трэба адзначыць, што, нягледзячы на пакуль даволі слабую актыўнасць на вуліцах горада, дзейнасць у гэтым накірунку ідзе вельмі маштабная. Рыхтуюцца праекты, праводзяцца экспертызы і працэдуры выбару падрадчыкаў, закупляюцца матэрыялы.

Між іншым, аб’екты знаходзяцца на розных этапах іх пераўтварэння. Калі, напрыклад, пад спартыўныя пляцоўкі і фізкультурна-аздараўленчы комплекс яшчэ ідзе адвод зямлі, то другую школу і трэці сад рамантуюць з апераджэннем графіка. Завяршаецца экспертыза праектаў рэканструкцыі пляжнай зоны і капітальнага рамонту шматкватэрных дамоў, а ў Леснічоўцы работы пачнуцца, як толькі сыдзе снег. Добраўпарадкаванне ў парку па вуліцы Булойчыка ўвогуле ўжо ідзе.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін тым часам арыентуе ўсіх, хто задзейнічаны ў рознага кшталту рамонтах і будоўлях, выключна на якасную работу. «Карпатліва выбірайце падрадныя арганізацыі і ўважліва складайце дагаворы. Ніякай халтуры быць не павінна», — рэзюмаваў ён.

Нагадаю, да «Дажынак» Браслаў істотна зменіць свой знешні выгляд. Будзе капітальна адрамантаваны шэраг устаноў сацыяльнай сферы і жылых шматкватэрных дамоў, у горадзе з’явяцца новыя спартыўныя пляцоўкі, сучасная пляжная зона, будзе праведзена азеляненне і добраўпарадкаванне вуліц і двароў. Прадугледжана і абнаўленне вулічна-дарожнай сеткі: яно пачнецца з найбольш праблемных участкаў, як, напрыклад, вул. Маякоўскага, і закране некалькі кіламетраў гарадскіх транспартных артэрый. Дарэчы, абмяркоўваецца магчымасць арганізацыі на вул. Ленінскай аднастаронняга руху транспарту: такі ход вызваліць месца для пешаходаў і веласіпедыстаў. Рамонт дарог пачнецца прыкладна ў красавіку, калі ДРБУ-142 запусціць асфальтна-бетонны завод. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фото из архива Б/З.