Мы спыталі ў браслаўскіх жанчын, як яны адзначаюць 8 Сакавіка

Новости
Вясна. Якія адразу ўзнікаюць асацыяцыі з гэтым словам? Напэўна, узгадваецца свята 8 Сакавіка. Яго мы ўсе памятаем з дзяцінства як самае вясновае, самае маміна, бабуліна, самае жаночае… З лёгкай рукі Клары Цэткін гэты дзень стаў адным з найбольш любімых свят у многіх краінах. Галоўнае, што падчас яго мужчыны віншуюць сваіх жонак, дачок, сябровак і маці. Мы вырашылі даведацца, як адзначаюць жанчыны Браслаўшчыны гэтую дату, якія ў іх сямейныя традыцыі святкавання і самы запамінальны падарунак.

Святлана БЯЛУСЬ, выкладчык рускай мовы і літаратуры:

— Цяпер часта можна пачуць, быццам гэта свята савецкае, што яно старое і ў краінах Еўропы яго не адзначаюць. Але я так не лічу, і жанчыны, думаю, са мною будуць згодныя, таму што цудоўна, калі цябе віншуюць, кажуць прыемныя словы, робяць падарункі. Свята таксама аб’ядноўвае калектывы, бо і цяпер жанчыны віншуюць мужчын з Днём абаронцаў Айчыны, а мужчыны іх — з Восьмым сакавіка. Акрамя таго, гэта чырвоны дзень календара, а значыць, выхадны! Усе мае самыя блізкія і родныя — мужчыны. Таму 8 сакавіка яны, як могуць, выказваюць мне сваю ўдзячнасць. Я маю магчымасць раніцай пабольш паспаць, а яны рыхтуюць святочны абед і ўручаюць мне падарункі. Як і ўсе жанчыны, я люблю кветкі. Аднойчы мне мае вучні падарылі архідэю, якая квітнее ўжо шмат гадоў не перастаючы. Яна і цяпер са мной.


Валянціна ДРУСЬ, старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея:

— Яшчэ з дзіцячага садка прывыкла, што 8 Сакавіка — гэта цудоўнае свята, калі сапраўдныя мужчыны віншуюць сваіх жанчын. Яно асацыіруецца з вясной, якая напаўняе нейкімі неверагоднымі новымі эмоцыямі пасля зімовай спячкі. Дзяўчынкам і жанчынам, вядома, вельмі прыемна чуць цёплыя і далікатныя словы і атрымліваць падарункі, хай і адзін дзень у годзе. Колькі сябе памятаю, мне ўвесь час дарылі духі, касметыку, мяккія цацкі, розныя сувеніры. Але вось чамусьці больш за ўсё запомніўся падарунак, што я атрымала ад сваёй стрыечнай сястры, з якой мы размаўлялі рэдка. Гэта быў просты белы кубак, на якім намалявана шмат-шмат чырвоных сардэчкаў. Нейкай пэўнай традыцыі святкавання Восьмага сакавіка ў маёй сям’і няма. Заўсёды з раніцы прачынаешся, а каля падушкі або на стале ляжыць маленькі падаруначак і кветачка. І так прыемна на душы, як быццам у цябе дзень нараджэння. А калі ў мяне ўжо з’явілася свая сям’я, то на 8 Сакавіка стала атрымліваць букет кветак альбо сертыфікат у якую-небудзь краму.


Таццяна ІВАНЧУК, страхавы агент:

— Да свята стаўлюся станоўча, прыемна атрымліваць віншаванні, але яшчэ лепей адорваць прыемнымі словамі і падарункамі іншых. Для мяне асабіста гэта свята цюльпанаў: ніякія другія кветкі ў гэты дзень не нагадваюць так пра надыходзячую вясну. Асаблівых традыцый па святкаванні 8 Сакавіка ў нашай сям’і не склалася, але да гэтага часу захоўваю віншавальныя паштоўкі, якія зроблены нашымі дочкамі яшчэ ў школьныя гады.


Ала ГАЛІНА, бібліятэкар:

— Я не адзначаю гэтае свята: не люблю «дзяжурныя» кветкі да дня. А ў барацьбе за роўнасць жанчына ўсё роўна прайграе ў сучасным грамадстве. Ды і не заўсёды трэба гэта роўнасць. Але звычайна ўсе мяне віншуюць. Традыцыйна сама віншую маму. Найбольш прыемныя падарункі — атрыманыя ад дзяцей.

Восьмага сакавіка — пачатак вясны. З’яўляюцца першыя вясновыя кветкі. Прырода прачынаецца і зноў пачынае сваё адраджэнне. Нездарма жаночы дзень адзначаюць менавіта ў пачатку вясны: місія жанчыны і заключаецца ў тым, каб падарыць свету новае жыццё, напоўніць прыгажосцю і гармоніяй навакольны свет. Дык няхай гэта свята радуе ўсіх жанчын!

Кацярына ЛАБЭЦКАЯ,

студэнтка 3 курса філфака ВДУ імя П. М. Машэрава.