У Браслаўскім раёне працягваецца мадэрнізацыя сродкаў уліку электраэнергіі

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Электралічыльнік ёсць у кожным доме, але мала каго цікавяць яго тэхнічныя характарыстыкі. Між іншым, па стане на 1 лютага ў спажыўцоў Браслаўскага раёна знаходзіліся ў эксплуатацыі 8 472 індукцыйныя прыборы ўліку (53 % ад агульнай колькасці) у пераважнай большасці з тэрмінам службы звыш 30 гадоў і класам дакладнасці 2,5. Таму яшчэ ў верасні 2015 г. была зацверджана Праграма мадэрнізацыі сродкаў уліку электрычнай энергіі да 2023 года.

РУП «Віцебскэнерга» працягвае мадэрнізацыю прыбораў уліку электраэнергіі бытавых абанентаў і ў Браслаўскім раёне, у рамках якой індукцыйныя прыборы ўліку мяняюцца на электронныя з функцыяй дыстанцыйнай перадачы даных у арганізацыю, што забяспечвае энергіяй. Так, за мінулы год у бытавых абанентаў Браслаўшчыны заменены 2 162 прыборы ўліку электрычнасці. У 2019 г. запланавана мадэрнізацыя 2 225 электралічыльнікаў у Браславе і сельскіх населеных пунктах (Опса, Казяны, Ждэгелі, Блажышкі, Відзы-Лаўчынскія, Маярышкі, Друйск, Чэрнева, Стаўрова, Сіпавічы, Хвасты, Опліса, Мікалаюнцы, Данькі, Быстрамаўцы, В. Абаб’е, Купчэлі, Дзеткаўцы, Слабодка, Лайбуны, Відзішкі, Спрынды, Пагошча, Луні, Дамашы, Трыбуцішкі, Мяжаны і Урбаны).

На стадыі завяршэння знаходзяцца работы па ўводзе ў эксплуатацыю аўтаматызаваных сістэм уліку і кантролю энергіі па 28 трансфарматарных падстанцыях энергасістэмы, а на падстанцыях у в. Панцялейкі і па вул. Фізкультурнай г. Браслава аўтаматызаваныя сістэмы ўжо дзейнічаюць.

Перавагі выкарыстання электронных прыбораў уліку электраэнергіі відавочныя. Па-першае, электронныя электралічыльнікі даюць магчымасць выкарыстоўваць дыферэнцыраваны тарыф кошту электраэнергіі ў залежнасці ад часу сутак; па-другое, электронныя электралічыльнікі больш дакладныя і працяглы час захоўваюць даныя пра спажытую энергію, што часта дапамагае ў спрэчных пытаннях паміж спажыўцом і арганізацыяй; па-трэцяе, дзякуючы аўтаматызаванай сістэме кантролю і ўліку паказанні з электралічыльніка здымаюцца аўтаматычна дыстанцыйна, спажыўцу трэба толькі аплаціць разлічаную суму. Такімі перавагамі на тэрыторыі раёна карыстаюцца цяпер 802 спажыўцы электраэнергіі.

Абаненты, у якіх ужо ўстаноўлены электронны прыбор уліку электраэнергіі і якія жадаюць перайсці на дыферэнцыраваны тарыф па часавых перыядах, могуць звярнуцца з пісьмовай заявай у Браслаўскі вытворча-збытавы ўчастак энергазбыту па вул. Дрывяцкай, 12. Тэл. для даведак 32-6-11. ■

Яўген ШЧАБЛІНСКІ,

інспектар Браслаўскага вытворча-збытавога ўчастка.