Іх нялёгкая задача — бяспека і спакой браслаўчан. 4 сакавіка — Дзень міліцыі

Новости

На фота: Міліцыянеры АДС Дзмітрый Фарманіцкі і Андрэй Жукоўскі.

Да прафесійнага свята прынята падыходзіць з падведзенымі вынікамі і аналізам работы, інакш рухацца наперад проста немагчыма. Так і праваахоўнікі з улікам папярэдніх набыткаў мінулага года пачалі працу ў гэтым. Якія поспехі адзначаны, а якія напрамкі дзейнасці патрабуюць удасканалення — гэтым і іншым з «Браслаўскай звяздой» падзяліўся начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Сяргей Бяржанін.

У цэлым прымаемыя ў 2018 годзе меры з боку праваахоўных органаў дазволілі падтрымліваць у раёне грамадскі парадак і бяспеку, абараняць асабістыя і маёмасныя правы і інтарэсы грамадзян. І нягледзячы на нешматлікія негатыўныя ўсплёскі, Браслаўшчына была і застаецца адным з самых спакойных раёнаў вобласці.

Па словах Сяргея Бяржаніна, усяго ў мінулым годзе ў раёне зарэгістравана 189 злачынстваў, што на 25, ці 15,2 %, больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Прыкладна такі ж даволі рэзкі рост злачыннасці адзначаўся ў 2015 годзе.


Са 189 зарэгістраваных злачынстваў 102 здзейснены па лініі крымінальнага вышуку, 6 — незаконнага абароту наркатычных сродкаў, супрацьдзеяння гандлю людзьмі, 20 — барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, 5 — у сферы высокіх тэхналогій, 50 па лініі іншых службаў і 6, што не адносяцца да дзейнасці РАУС.


Аналіз лічбаў паказвае, што большасць злачынстваў зарэгістравана па лініі крымінальнага вышуку: дадзеная катэгорыя складае 53,9 %. Рост адбыўся ў асноўным за кошт хуліганства, крадзяжоў і грабяжоў. Так, істотна парушылі спакой браслаўчан спробы нападзення з адабраннем грошай на вуліцы Садовай ці выпадак з прыстаўленым да горла дзіцяці нажом у Друі. Своечасова прынятыя да злачынцаў меры ў выглядзе пакаранняў дазволілі хутка стабілізаваць сітуацыю і вярнуць упэўненасць у трывалай забяспечанасці правапарадку.

Дзякуючы арганізацыйна-прафілактычным мерам летась не дапушчана забойстваў з замахамі, прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, вымаганняў, угонаў. Назіраецца значнае зніжэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых асобамі, якія маюць судзімасць (з 25 да 13). Удзельная вага «п’янай» злачыннасці складае 20,3 % пры сярэднеабласным узроўні 30,9 %.

Дарэчы, адзначае начальнік РАУС, пры агульным павелічэнні колькасці крадзяжоў з 64 да 71 іх раскрыццё павялічылася з 59,4 % да 62,9 %. Асобы, што падазраваліся ў крымінальных злачынствах, устаноўлены па 74 фактах (72,5 %), раскрыццё па скончаных крымінальных справах склала 74,2 %.

У мэтах папярэджання п’янства і здзяйснення асабліва цяжкіх злачынстваў на глебе сямейна-бытавых канфліктаў актывізавана праца прэвентыўнай накіраванасці па выяўленні правапарушэнняў.

— Разам з тым,— звяртае ўвагу С. Бяржанін, — па шэрагу накірункаў аператыўна-службовай дзейнасці крымінагенная абстаноўка ў раёне патрабуе прыняцця мер па яе стабілізацыі. На жаль, не ўдалося скараціць колькасць дарожна-транспартных здарэнняў і не дапусціць гібелі грамадзян у выніку ДТЗ. Тут сваю ролю адыграў чалавечы фактар. Аднак яшчэ раз падкрэслю: нягледзячы на рост злачыннасці, у раёне адзначаецца найвышэйшы ўзровень раскрыцця злачынстваў за апошніх 5 гадоў. У цэлым па выніках работы за 2018 год Браслаўскі РАУС заняў 13 месца сярод аналагічных аддзелаў у рэспубліцы. У гэтым, зразумела, заслуга кожнага супрацоўніка, які разумее важнасць і адказнасць сваёй працы. Не раз летась нашы міліцыянеры былі ў ліку лепшых у розных прафесійных спаборніцтвах. Чаго толькі каштуе перамога Мікалая Іванова ў рэспубліканскім конкурсе на лепшага ўчастковага інспектара. Увогуле нашы міліцыянеры штодня годна нясуць службу, выконваюць высакародную місію — дапамагаюць людзям у бядзе. Хочацца павіншаваць ўвесь асабісты састаў, ветэранаў РАУС з Днём міліцыі і пажадаць плённай працы на карысць нашых грамадзян, здароўя, поспехаў і дабрабыту. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.