«Яна будзе для мяне заўсёды самым родным месцам». Ураджэнка вёскі Богіна — пра сваю малую Радзіму

Год малой родины
У год малой радзімы хочацца расказаць пра свой маленькі край. Вёска Богіна — месца, дзе я нарадзілася, зрабіла свае першыя крокі, пайшла ў школу.

Хоць цяпер вучуся ў горадзе і дадому прыязджаю рэдка, але пра родныя мясціны забыць не магу. Бывае, прагульваешся па вуліцах Віцебска, глядзіш на высокія велічныя дамы, а душа ўсё роўна «цягне» ў вёску. Хоць там няма такой колькасці людзей, транспарту, будынкаў, але гэта ўсё тваё, роднае, непаўторнае.

Цяпер, на вялікі жаль, многія з’язджаюць з вёскі ў пошуках «лепшага жыцця», праўда, радуе тое, што на выхадныя ці святы наведваюць, не забываюць пра сваякоў, родныя мясціны. А як такое можна забыць? Як можна забыць пра незвычайна прыгожую зіму ў нашай вёсцы, калі палі пакрыты бялюткім снегам, усе дрэвы апрануты ў снежнае футра, а мароз пакідае на шыбах свае неверагодныя ўзоры? Вясной, калі прырода ўжо абудзілася ад зімовага сну, надыходзіць свята Вялікадня, і многія прыязджаюць дадому да сваіх бацькоў, родных. Падчас служэння ў Свята-Пакроўскай царкве на ўсю вёску раздаецца звон, які нагадвае нам, што жыццё працягваецца.

Летам, безумоўна, жыццё ў Богіне пачынае віраваць. Мы з нецярпеннем чакаем, калі вада ў нашых шматлікіх азёрах стане цёплай і там можна будзе купацца. Тады людзі нарэшце выбіраюцца са сваіх хат і па ўсёй вёсцы толькі і чуецца гоман ды смех. Падчас Яблычнага Спаса ў Богіне праводзіцца ўжо не першы год мерапрыемства, на якое збіраюцца амаль усе мясцовыя жыхары — і дарослыя, і малыя.

Восенню многія зноў з’язджаюць у свае гарады на вучобу. Вёска пачынае заціхаць. Але гэта не датычыцца прыроды: дрэвы апранаюць сваё каляровае «вогненнае» ўбранне, якое радуе вочы. Восень у мяне яшчэ цесна спалучаецца са святам Пакрова Божай Маці, калі шануюць таксама самага важнага чалавека ў нашым жыцці — матулю.

Мая вёска — толькі часцінка нашай Радзімы. Але яна будзе для мяне заўсёды самым дарагім, самым родным месцам. Вельмі хацелася б, каб Богіна з часам ператварылася ў самую перспектыўную вёску ў нашым раёне, каб працягвала жыць. Бо радзіма — наша маці, а кожны з нас хоча, каб мама жыла доўга і шчасліва. ■

Кацярына ЛАБЭЦКАЯ,

студэнтка 3 курса ВДУ імя П. М. Машэрава.