«Браслаўская звязда»: друкаванае слова ў гады ваеннага ліхалецця

Главное Год малой родины
Па выніках даследчай дзейнасці вядомага браслаўскага краязнаўцы Аляксандра Панцялейкі ў зборніку «Браслаўскія чытанні – 2000» за яго подпісам выйшаў артыкул па гісторыі развіцця раённага выдання. Дарэчы, папярэдняя публікацыя, дзе расказвалася пра фарміраванне і станаўленне газеты, цалкам заснавана на гэтым даследаванні. Што ж вядома пра «Звязду» ваеннага часу?

«У час Вялікай Айчыннай вайны ў свет выйшлі некалькі нумароў «Звязды» пад назвай «Смерць фашызму». Спачатку яны распаўсюджваліся ў рукапісным варыянце, пазней — у друкаваным раз на тыдзень па суботах. Усяго выйшла 29 нумароў агульным тыражом 5 659 экзэмпляраў. У асноўным на старонках выдання друкаваліся зводкі Савінфармбюро, інфармацыя з тылу, нататкі пра жыццё партызан, заклікі да насельніцтва. Па ўспамінах палітрука ўзвода партызанскай брыгады імя Жукава, «выдавецкі блок» газеты ў часы ваеннага ліхалецця знаходзіўся ў дзвюх невялікіх хатах-лазнях каля штаба брыгады. У літаратурным аддзеле рэдакцыі працавалі муж і жонка Казлоўскія. Пасля вызвалення Браслава «Звязда» аднавіла сваю дзейнасць як орган Браслаўскага РККП(б)Б і райсавета дэпутатаў. З 1944 года газету зноў рэдагавала Х. Мерхасіна. У асноўным на яе старонках расказвалі пра дапамогу фронту, ход выканання хлебанарыхтовак. Тут можна знайсці паведамленні, што рабочыя лесапільнага завода здолелі запусціць электрастанцыю, млын, што браслаўчане 22 кастрычніка 1944 года выйшлі на першы нядзельнік па добраўпарадкаванні горада», — піша даследчык.

Дарэчы, адзіны экзэмпляр «Звязды» № 1 за 1944 год усё ж такі захоўваецца ў музейных фондах. Мы з задавальненнем яго пабачылі і пачыталі. Газета ўяўляе сабой ліст фармату А4, на якім з абодвух бакоў надрукаваны артыкулы на рускай мове. Красамоўны надпіс уверсе «Смерть немецким захватчикам» прадвызначае тэму газетных публікацый. Напрыклад, у артыкуле «Радостная встреча» паведамляецца, што 8 ліпеня Чырвоная Армія вызваліла наш раён з нямецкай няволі і далей развівае наступленне, прасоўваючыся на Захад. Штодзень вызваляюцца савецкія гарады і вёскі. «Враг в беспорядке отступает, неся большие потери в живой силе и технике. Близится час полной победы над врагом… Задача трудящихся нашего района оказать помощь Красной Армии в победе над врагом». Тут жа размешчана інфармацыя ад Савецкага Інфармбюро з аператыўнай зводкай франтавых падзей за 21 ліпеня.

На другой старонцы артыкулы меншыя, але затое іх многа. Жахлівыя звесткі ўтрымліваюцца ў публікацыі «Отомстим немецким варварам». «За эти три года немецкие варвары полностью сожгли государственные, общественные и крестьянские постройки по Замшанскому сельсовету. В некоторых селениях вместе с постройками было сожжено мирное население. Сотни мирных жителей расстреляны… 18 марта 1944 года в деревне Домаши известным немецким душегубом Лютнером была расстреляна семья Шульги Адольфа: Юзефа — 62 лет, Констанция — 60 лет, Тереза — 17 лет, 3-летний Дионисий. 21 марта эта свора ворвалась в деревню Марцибалино, где загнали в сарай семью Папакуля — четырех малых детей и старушку — и заживо их сожгли», — піша «Звязда».

Разам з тым у гэтым нумары ўжо ёсць і артыкулы на мірную тэматыку — «Восстанавливают разрушенное», «По примеру передовых», «Обсеменить бросовые земли», «Отремонтировать дороги и мосты», «Готовиться к учебному году». Матэрыялы падпісаны прозвішчамі Гамбовік, Люлькін, Прохараў, Карпаў. ■

Падрыхтавала Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.