Юныя браслаўчане сталі лаўрэатамі абласных конкурсаў

Актуальное Люди
З кожным годам юныя браслаўчане пакараюць новыя і новыя конкурсы на розных узроўнях. Не выключэннем сталі і творчыя спаборніцтвы на тэму бяспекі і прафесіі ратавальніка.

Дарэчы, раённы конкурс «Ратавальнікі вачамі дзяцей» у гэтым годзе быў надзвычай прадстаўнічым і сабраў выстаўку з больш за 60 лепшых твораў у розных намінацыях і ўзроставых групах. Самыя крэатыўныя работы былі адабраны на абласны этап. Надзея на перамогу спраўдзілася: мадэль пажарнай машыны з дрэва, якую па чарцяжах выканаў вучань СШ № 1 Уладзіслаў Маслоўскі, заняла 1-е месца ў вобласці. Цяпер работа Уладзіслава ўдзельнічае ў рэспубліканскім этапе конкурсу.

«Школа бяспекі» — яшчэ адно цікавае выпрабаванне для творчых вучняў. І тут таксама ў нас былі свае прадстаўнікі ў абласных спаборніцтвах. Атрымаўшы перамогу ў раённым этапе, свае сілы далей спрабавала вучаніца СШ № 2 Юлія Булына. Яна паспяхова прайшла тэсціраванне: адказала на 100 пытанняў на тэму бяспекі, а таксама ўдала выступіла ў творчай частцы конкурсу. Вынікам дасканалай падрыхтоўкі Юлі з настаўніцай па АБЖ Алай Жугар стала 2-е месца ў абласным конкурсе.

Такія спаборніцтвы, адзначаюць і дзеці, і дарослыя, дапамагаюць не толькі развіваць творчыя здольнасці, але і вучаць асноўным правілам бяспекі, арыентуюць на выбар будучай прафесіі. ■

Тэкст і фота Веры БУЛАНАВАЙ.