Успаміны жыхара вёскі Мілашкі, якога з сям’ёй пад час вайны немцы вывезлі на работы ў Германію

75 гадоў з дня вызвалення Беларусі
Прэстыжную прэмію імя Уладзіміра Караткевіча атрымаў калісьці пісьменнік Аркадзь Нафрановіч з Пастаўшчыны за кнігу «Мая Адысея». У ёй аўтар расказаў пра лёс сваёй сям’і, якую вывезлі ў Германію падчас Вялікай Айчыннай вайны. Мяне тады таксама зацікавіла гэтая тэма. Пачала распытваць сваіх землякоў, якія зведалі цяжкія выпрабаванні на чужыне. На жаль, ужо многіх з гэтых людзей няма, але іх успаміны беражліва захоўваю.

Вось што расказаў жыхар вёскі Мілашкі Юзаф Папакуль: «У 1943 годзе наша сям’я і іншыя хаваліся ў лесе, бо тады ішла карная экспедыцыя супраць партызан. Вядома, што немцы лічылі партызанамі і жыхароў лясных вёсак. Але ўратавацца нам не ўдалося. Усіх прыгналі з лесу ў хату. Затым з іншых вёсак прыехалі падводы, на якіх нас павезлі ў браслаўскае гета, дзе мы пераначавалі. На другі дзень на «кукушцы» палонных павезлі ў Дукштас. Там майго брата забралі да сябе на працу літоўцы, а мы ў «цялятніках» адправіліся ў Германію. Трапілі ў лагер каля Дрэздэна. Адсюль палонных вазілі працаваць на розныя заводы. Брат, сястра і я трапілі на станкаінструментальны. Другая сястра працавала на кухні, а маці — прыбіральшчыцай у лагеры. На заводзе рускіх было нямнога, у асноўным немцы. Мяне навучылі токарнай справе. Рабілі дэталі. У мяне гэта добра атрымлівалася. Старшыя майстры нават думалі, што я ўжо працаваў на заводзе раней. Калі нас вызвалілі, мая сям’я паехала ў Беларусь, а я адправіўся ў венгерскі лагер, там прабыў каля месяца. Пасля прызвалі ў дзеючую армію, дзе пёк хлеб для салдат. Трэба адзначыць, што тут ужо ад’еўся. З Венгрыі зноў у Германію трапіў, адтуль — ва Украіну. Пасля дэмабілізаваўся і вярнуўся на радзіму. Хаты нашай не было: спалілі. Уладкаваўся працаваць у леспрамгас. Тут ажаніўся з настаўніцай Палінай. Нарадзілі і выгадавалі двух дзяцей. Жыццё складвалася па-рознаму: выязджаў на працу ў Латвію, потым вярнуўся дадому. Пабудавалі добры дом, гадавалі дзяцей…» ■

Ірына ФІЛАНОВІЧ,

жыхарка в. Мілашкі.