Служаць Закону, Народу, Айчыне. У Браслаўскім РАУС узнагародзілі лепшых супрацоўнікаў

Власть и общество
Сваё прафесійнае свята 4 сакавіка адзначылі міліцыянеры. Гэтая дата ў календары праваахоўнікаў асаблівая: менавіта з яе ў 1917 годзе беларуская міліцыя пачала пісаць сваю гісторыю, поўную мужнасці і гераізму. У далёкім 1918-м была ўтворана міліцыя і на Браслаўшчыне. А сёння яе слаўныя традыцыі працягвае дзеючы асабісты састаў.

З нагоды свята ў мінулы панядзелак у Браслаўскім РАУС адбылося ўрачыстае мерапрыемства. У сваім віншавальным адрасе начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Сяргей Бяржанін адзначыў, што на працягу дзесяцігоддзяў мясцовыя праваахоўнікі забяспечваюць выкананне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, садзейнічаюць захаванню эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў раёне. З моманту ўтварэння міліцыі вырасла не адно пакаленне праваахоўнікаў, з тых часоў змяніліся ўмовы службы, але нязменнымі засталіся галоўныя задачы па ахове жыцця, здароўя, гонару і годнасці грамадзян, абароне інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў. Ніколі прафесія міліцыянера не лічылася лёгкай. Сёння ж праваахоўнікам прыходзіцца працаваць у складаных умовах: злачыннасць удасканальваецца, з’яўляюцца новыя тэхналогіі і новыя віды парушэнняў. Аднак для кожнага супрацоўніка міліцэйскія будні, напоўненыя трывожнымі званкамі, бяссоннымі начамі дзяжурстваў, выездамі на месцы здарэнняў, праблемамі і клопатамі людзей, даўно звыклыя. «Работа міліцыянера патрэбна кожнаму жыхару краіны. Але і міліцыя не можа існаваць сама па сабе: уся яе дзейнасць звязана з людзьмі самых розных узростаў, поглядаў, прафесій. Без даверу і дапамогі насельніцтва самая жорсткая барацьба з крыміналам не дасць ніякіх вынікаў. Сувязь міліцыі з браслаўчанамі — відавочная. І чым вышэйшы аўтарытэт міліцыянера ў вачах насельніцтва, тым большая яго вера ў перамогу справядлівасці і закону», — падкрэсліў С. Бяржанін. Словы асаблівай удзячнасці начальнік РАУС выказаў шматлікім супрацоўнікам, родным і блізкім цяперашніх міліцыянераў, а таксама ветэранам праваахоўных органаў.

Не менш прыемных слоў асабістаму саставу выказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка. Ганаровыя граматы райвыканкама і райсавета яна ўручыла старшаму дзяржаўтаінспектару АДАІ Анатолю Баравіку і намесніку начальніка РАУС Сцяпану Шакелю адпаведна, Падзяку старшыні райвыканкама — памочніку дзяжурнага АДС Аляксандру Акулічу.

Віншавальную эстафету перанялі камендант Опсаўскай пагранкамендатуры Аляксандр Бахаўцаў, ваенкам раёна Віталь Грамніцкі, начальнік Браслаўскага РАНС Сяргей Крыўко. Кіраўнікі сумежных прафесій таксама адзначылі сваімі граматамі шэраг міліцыянераў.


Віншуем з узнагародай!

За добрасумленныя адносіны да выканання службовых абавязкаў, праяўленую ініцыятыву і асабісты ўклад у вырашэнне службовых задач, якаснае выкананне асабліва важнай і тэрміновай працы граматай УУС Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны ўчастковы інспектар Мікалай ІВАНОЎ.

За добрасумленныя адносіны да выканання службовых абавязкаў, высокія паказчыкі, а таксама ў сувязі з Днём міліцыі граматай і падзякай УУС Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны начальнік крымінальнавыканаўчай інспекцыі Анатоль ПАБЯРЖЫН і міліцыянер-вадзіцель АДС Аляксандр КЛАКОЎСКІ адпаведна; медалём «100 год міліцыі Беларусі» — начальнік аддзялення ДАІ Віктар ЛАПКО, старшы оперупаўнаважаны Сяргей МАЦУК, дзяжурны ізалятара часовага ўтрымання Валерый ДАЛЕЦКІ.

За ўзорную службу і добрасумленнае выкананне абавязкаў нагрудным знакам «За самаадданую службу» ІІ ступені ўзнагароджана інспектар АГіМ Таццяна АЛЬХІМОВІЧ.

За аказанне дапамогі ў выкананні задач органаў унутраных спраў, узаемадзеянне з Браслаўскім РАУС у пытаннях барацьбы са злачыннасцю нагрудным знакам адзнакі «За прафесійныя поспехі» ўзнагароджаны заслужаны пенсіянер органаў унутраных спраў Павел ЧЭПУЛЬ.


Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.