Прапускны рэжым і відэаназіранне. Хто і як ахоўвае дзяцей у школах Браслаўшчыны

Власть и общество
Многія яшчэ памятаюць часы, калі за парадкам і бяспекай у школах сачыла грозная «тэхнічка». Сёння сітуацыя значна змянілася. І ў сувязі з трагедыямі, якія здараюцца ў школах розных краін, установам адукацыі патрабуецца больш надзейная ахова. Як яна ажыццяўляецца ў нашым раёне, высвятляла «Браслаўская звязда».

Як расказала інжынер па ахове працы аддзела райвыканкама па адукацыі Святлана Абалевіч, ва ўсіх навучальных установах Браслаўшчыны праводзіцца грунтоўная работа па стварэнні бяспечных і надзейных умоў знаходжання ў іх дзяцей.

Па-першае, дзейнічае прапускны рэжым. Так, чужыя людзі, якія жадаюць трапіць ва ўстанову, абавязкова называюць сваё прозвішча, указваюць, да каго яны прыйшлі і па якім пытанні. Усё гэта фіксуецца дзяжурным у адпаведны журнал.

Па-другое, ахову нашых дзяцей забяспечвае і сучаснае абсталяванне. Шэсць аб’ектаў адукацыі раёна — дзве гарадскія сярэднія школы, гімназія, Друйскі і Ахрэмаўскі ЯССШ і Відзаўская СШ — абсталяваны сістэмамі відэаназірання.

Па-трэцяе, у мінулым годзе кнопкі трывожнай сігналізацыі з падключэннем на пульт цэнтральнага назірання раённага аддзялення Дэпартамента аховы МУС з’явіліся ў чатырох дзіцячых садах і трох школах.

Шмат увагі, адзначае С. Абалевіч, надаецца і супрацьпажарнай бяспецы. Толькі ў 2018 годзе на гэтыя мэты зрасходавана 10 391 руб. Акрамя таго, пастаянна дзеючыя камісіі ўстаноў адукацыі і спецыялісты аддзела райвыканкама па адукацыі праводзяць рэйды-праверкі спраўнасці спартыўнага абсталявання, будынкаў, фізкультурна-спартыўных пляцовак і стадыёнаў, па выніках якіх няспраўнае ці ўстарэлае абсталяванне адразу дэмантуецца. Ва ўстановах адукацыі пастаянна праходзяць практычныя заняткі, на якіх адпрацоўваюцца дзеянні пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі. ■

Алена ПЯТУШКА.