Опсаўская школа атрымала ў падарунак ад Міністэрства адукацыі спартыўны інвентар

Актуальное
Безумоўна, высокіх вынікаў установа адукацыі можа дасягнуць толькі сумеснымі намаганнямі педагагічнага і вучнёўскага калектываў. Так, грунтоўная работа зладжанага тандэма Опсаўскага ЯССШ нядаўна была адзначана на рэспубліканскім узроўні. А як вядома, пераможцы, акрамя дыпломаў, атрымліваюць і падарункі.

Менавіта з нагоды ўручэння вельмі значнага прэзента ў Опсаўскую школу завіталі спецыяліст галоўнага ўпраўлення аблвыканкама па адукацыі Святлана Кузьміч, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка і галоўны спецыяліст аддзела райвыканкама па адукацыі Ірына Мацук.

У актавай зале, куды запрасілі і паважаных гасцей, сабраліся радасныя настаўнікі і вучні. Перад урачыстым момантам таленавітыя школьнікі паказалі прысутным невялікі канцэрт, выступіла агітбрыгада «Недзіцячы час». Прыемна адзначыць, што і ў словах вядучых, і ў нумарах юных артыстаў адчувалася павага і любоў да сваіх педагогаў і школы.

Затым С. Кузьміч павіншавала калектыў установы адукацыі са значнымі дасягненнямі на рэспубліканскім узроўні, пажадала далейшых поспехаў і перадала ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь спартыўны інвентар — 17 пар лыж з чаравікамі, валейбольныя, баскетбольныя і футбольныя мячы, тэнісны стол з камплектам ракетак.

Да віншаванняў далучылася В. Вялічка, яна пажадала вучням высокіх вынікаў на спартыўным полі дзейнасці. Са шчырымі словамі падзякі ў адрас аблвыканкама і райвыканкама выступіла дырэктар школы С. Курбан, якая запэўніла, што ўстанова і далей будзе прытрымлівацца дасягнутай планкі.

Як правіла, спорт вялікіх дасягненняў пачынаецца з маленькай школьнай залы. І можа, новы інвентар падштурхне опсаўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак да пакарэння спартыўнага Алімпа. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.