На пасяджэнні Браслаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў падвялі вынікі і ўзнагародзілі лепшых

Власть и общество
Падвядзенне вынікаў дзейнасці, абмеркаванне планаў на бягучы год, вызначэнне пераможцаў конкурсу на лепшую пярвічку — асноўныя тэмы пасяджэння савета Браслаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, якое прайшло на мінулым тыдні.

У рабоце савета ўдзельнічалі старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый раёна, а таксама старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін і спецыяліст Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алег Керасёў.

Са справаздачным дакладам наконт дзейнасці раённага аб’яднання прафсаюзаў перад прысутнымі выступіў яго старшыня Павел Сільчонак. Ён адзначыў годную работу ўсіх пярвічак па выкананні калектыўных дагавораў і патрабаванняў заканадаўчых і нарматыўна-прававых актаў па ахове працы, удзел у культурна-масавых мерапрыемствах і сацыяльным жыцці раёна.

Судакладчыкі — старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка, пярвічных прафсаюзных арганізацый ДЭУ-34 і нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» Алена Ракіцкая і Таццяна Корсун — расказалі пра прафсаюзную дзейнасць у сваіх калектывах. Вопытам па арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў са старшынямі пярвічак падзяліўся госць сходу Алег Керасёў, а прадстаўнік турбазы «Браслаўскія азёры» Вольга Скур’ят яшчэ раз нагадала пра магчымасці прафсаюзнага адпачынку.

Таксама на мерапрыемстве падвялі вынікі агляду-конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю.

Так, першае месца была прысуджана прафсаюзнаму аб’яднанню філіяла «Браслаўрыба», другое — ясляўсада № 3, трэцяе — нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры». Іх старшыням уручылі адпаведныя дыпломы і падарункі. За сваю добрасумленную працу на пасадзе старшыні прафкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму і актыўны ўдзел у сацыяльным жыцці раёна была адзначана загадчык дзіцячай бібліятэкі Галіна Мацеша.

Разам з тым на пасяджэнні савета Браслаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў былі абмеркаваны найбольш актуальныя пытанні па дзейнасці пярвічак і зацверджаны план асноўных мерапрыемстваў на 2019 год.

Падводзячы вынікі сходу, старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін падзякаваў Браслаўскаму раённаму аб’яднанню прафсаюзаў за дзейнасць і пажадаў выканання пастаўленых задач і рэалізацыі задуманага. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.