Масленіцу паводле народных традыцый правялі ў першай гарадской школе

В свободное время
Змены ў надвор’і нагадваюць, што, хоць вясна яшчэ канчаткова не настала, ужо надышоў час развітвацца з зімой. Менавіта гэта і зрабілі ў першай гарадской школе: прытрымліваючыся народнай традыцыі, там весела і шумна правялі Масленіцу.

Нягледзячы на мароз, які добра-такі пашчыпваў насы і шчокі, удзельнікаў мерапрыемства, сярод якіх былі вучні, іх настаўнікі і бацькі, сабралася нямала. Праграма ўключала бадзёрыя абрадавыя песні, цікавыя звесткі пра адно з самых любімых народных свят, шматлікія конкурсы і забавы.

Вядучыя нагадалі, што кожны дзень масленічнага тыдня меў пэўную назву і суправаджаўся адпаведнымі дзеяннямі. Дзеці атрымалі магчымасць паспрабаваць у іх свае сілы, узнагародай жа самым смелым і актыўным былі духмяныя жоўценькія блінцы. Школьныя краязнаўцы пазнаёмілі таксама прысутных з асаблівасцямі правядзення Масленіцы на Браслаўшчыне. Аказваецца, мясцовыя жыхары каталіцкага веравызнання пяклі, замест бліноў, пончыкі і «абажанкі» (абаранкі) з тварагу. А ў некаторых вёсках асаблівым чынам праводзілі зіму: адзначалі так званыя Казюкі — у гонар святога Казіміра.

Што за свята без гульняў? Зразумела, без традыцыйных забаў не абышлося.

Вучні актыўна ў іх удзельнічалі: шмат ахвотнікаў сабралася на перацягванне каната, дзеці кідалі «снежкі» і вадзілі вясёлы карагод. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «блінныя» конкурсы.

Не забыліся і яшчэ пра адзін важны момант свята: спалілі саламянае пудзіла — сімвал зімы.

А потым ўсе дружна ласаваліся гарачым чаем і смачнымі блінамі, сярод якіх трапляліся сапраўдныя шэдэўры кулінарнага майстэрства. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.