Браслаўскі раён наведалі прадстаўнікі турагенцтваў, прадпрымальніцкіх і дыпламатычных колаў

Экономика и финансы
Турыстычны патэнцыял нашага раёна вельмі вялікі — з такім сцвярджэннем мала хто не пагодзіцца. Тым не менш гэта тэорыя. А як зрабіць так, каб сфера адпачынку прыносіла нам істотныя эканамічныя дэвідэнды? Як манетызаваць перспектыўную галіну, памножыць фінансавыя паступленні ад турызму і пакінуць іх у рэгіёне? Над гэтымі пытаннямі біліся літаральна ўсе — ад уладальнікаў аграсядзіб да высокіх сталічных чыноў. Размоў і ідэй было шмат, але да іх практычнай рэалізацыі справа рэдка калі даходзіла.

Сёння раённыя ўлады, як ніколі, зацікаўленыя ў падтрымцы турызму. І гэта невыпадкова: галіна пазіцыяніруецца як адзін з найбольш перспектыўных вектараў развіцця эканомікі Браслаўшчыны, а сам Браслаў на фоне падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» павінен стаць сучасным цэнтрам адпачынку. Словам, надыйшоў час дзейнічаць.

І рэальных спраў доўга чакаць не давялося: па ініцыятыве кіраўніцтва райвыканкама ў нашым горадзе арганізавалі спецыялізаваны форум, які прайшоў у форме азнаямленчага тура для турыстычнага бізнеса з суседніх краін, а дакладней — з Латвіі і Літвы. Прадстаўнікі турагенцтваў, прадпрымальніцкіх і дыпламатычных колаў наведалі наш раён, каб бліжэй пазнаёміцца з яго магчымасцямі і на свае вочы пабачыць яго адметныя рысы.

«Мы прапануем вам разам вызначыць вектары развіцця турызму на Браслаўшчыне, ацаніць найбольш перспектыўныя інвестыцыйныя прапановы ў гэтай сферы, наладзіць дзелавыя кантакты», — адзначыў у сваім прывітальным слове старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. Кіраўнік раёна завастрыў увагу на адкрытасці раёна для супрацоўніцтва і яго далёка ідучых перспектывах.

«Сёння можна прыходзіць сюды з любымі ідэямі, рэалізоўваць іх і атрымліваць хуткія грошы. У сферы турызму гэта так», — канстатаваў А. Баданін. І дадаў, што на Браслаўшчыне можна рухацца літаральна ў любым профільным накірунку: класічны, падзейны, медыцынскі, рэлігійны, зялёны, кулінарны турызм, IT-праекты, веларух і г. д. Тым больш што дзяржава ўжо пайшла насустрач: у раёне на спецыяльных умовах сфарміраваны 100 зямельных участкаў у самых прыгожых куточках, кожны з якіх цалкам гатовы для засваення інвестарамі.


Азнаямленчы тур невыпадкова арганізаваны ў пачатку года. Так госці змогуць больш аб’ектыўна ацаніць турыстычны патэнцыял Браслаўшчыны, у тым ліку ў міжсезонне, а таксама будуць мець час на прыняцце рашэнняў і наладжванне каналаў супрацоўніцтва.


Падтрымала такі пункт гледжання і старшыня райсавета Ніна Пучынская. «У раёна вельмі вялікі патэнцыял для высокаэфектыўнай турыстычнай дзейнасці. І вас мы запрасілі, каб вы ўбачылі прыгажосць нашай прыроды, добразычлівасць нашых людзей і вялізнае жаданне мясцовых уладаў супрацоўнічаць з вамі», — сказала яна.

Для шматлікіх гасцей арганізавалі ўсебаковую прэзентацыю турыстычных магчымасцей Браслаўшчыны. Прырода, гісторыка-культурная спадчына, экскурсійныя прапановы, фестывальны рух, шматлікія культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, рыбалка і паляванне — нішто не засталося па-за ўвагай выступаючых. А сярод іх былі як буйныя тураператары раёна, напрыклад, нацыянальны парк, так і асобныя гаспадары аграэкасядзіб. Кожны імкнуўся зацікавіць аўдыторыю, прапанаваць лепшае, запрасіць да супрацоўніцтва…

І госці рэагавалі. З залы адзін за другім сыпаліся пытанні. Гасцей цікавілі ўмовы пражывання і харчавання, колькасныя характарыстыкі аб’ектаў адпачынку, коштавая палітыка, пакетныя прапановы і іншае. У ліку праблемных момантаў з іх вуснаў гучалі заўвагі наконт недахопу інфармацыі пра турсферу Браслаўскага раёна, цяжкасці з перасячэннем мяжы. У ходзе дыялогу бакі выпрацавалі прапановы па пераадольванні перашкод і ўзялі на сябе абавязкі па іх рэалізацыі. Вынікі ўзаемадзеяння будуць падведзены пазней — практыку правядзення падобных сустрэч плануецца працягваць.

Тым часам тур быў бы няпоўным без рэальных уражанняў яго удзельнікаў. Таму для замежных гасцей падрыхтавалі маштабную праграму, што называецца, з выездам на месца. Яны наведалі лепшыя турыстычныя аб’екты і самыя маляўнічыя лакацыі Браслаўшчыны, пасмакавалі юшку са свежай рыбы, пазнаёміліся з найбольш цікавымі аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны раёна, пабылі на спартыўным мерапрыемстве, акунуліся ў атмасферу адпачынку на мясцовых аграсядзібах. Два дні ўдзельнікі азнаямленчага тура былі акружаныя лепшымі традыцыямі мясцовай гасціннасці.

Разлік на тое, што па вяртанні дамоў яны будуць мець канкрэтнае ўяўленне пра наш раён як перспектыўны ў плане турызму край. А гэта, у сваю чаргу, пры станоўчым збегу абставін стане для нас чарговай прыступкай да нарошчвання экспарту турыстычных паслуг і аб’ёмаў прыцягнутых інвестыцый. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.