Браслаўскія камунальнікі вызначылі самых удачлівых рыбаловаў

В свободное время
Адміністрацыя раённага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі сумесна з прафкамам правяла ў мінулую суботу сярод сваіх работнікаў традыцыйныя спаборніцтвы па падлёднай рыбалцы. Кіраўніцтва паклапацілася наконт арганізацыйных пытанняў, а прафкам прафінансаваў правядзенне масавага мерапрыемства і ўзнагароджанне пераможцаў у рыбалоўных намінацыях.

Працоўны калектыў КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» з’яўляецца адным з самых вялікіх у нашым раёне. Акрамя Браслава, яго ўчасткі дзейнічаюць у Відзах, Друі, Слабодцы і Ахрэмаўцах. Працаўнікі шматлікай арганізацыі сустракаюцца разам далёка не кожны дзень. Верагодна, таму ў спаборніцтвах аматарскага рыбалоўства заўжды шмат удзельнікаў. Вабіць, відаць, не толькі дух саперніцтва, але і жаданне камунальнікаў пагутарыць адзін з адным пра набалелыя тэмы ў нефармальнай абстаноўцы.

Інструктаж па тэхніцы бяспекі і правілах паводзін на вадаёме, пажаданні рыбацкай удачы — і 34 удзельнікі спаборніцтваў разыходзяцца па акваторыі возера Струста паблізу турыстычнай стаянкі «Юбілейная» ў пошуках рыбы на сваіх запаветных глыбінях. Праўда, хоць надвор’е ў суботу выдалася як на заказ, але ніхто з удзельнікаў спаборніцтваў не змог трапіць на актыўны клёў.

Калі ў вызначаны рэгламентам час рыбаловы-аматары пачалі вяртацца на бераг і перадаваць журы ўлоў для ўзважвання, то аказалася, што самы важкі з іх пацягнуў на электронным бязмене ўсяго толькі на 1,960 кг, што нарыбачыў на мармышку Анатоль Усольцаў.

Але ж найбольш апладысментаў калег па рабоце прагучала ў адрас прадстаўніка Слабодкаўскага ўчастка ЖКГ Часлава Дзерука, які і па агульным улове атрымаў другі прыз (1,690 кг), і вывудзіў найбольшую асобіну — акуня на 300 г.

Трэцяе месца з вагой у 1,305 кг дасталася Валерыю Шалыгу, які, дарэчы, ад каманды «Браслаў-камунальніка» два апошнія гады атрымліваў прызы на раённых спаборніцтвах «Браслаўскі спінінг». А вось суцяшальны прыз за самы малы ўлоў уручылі Наталлі Скур’ят.

Пакуль журы праводзіла ўзважванне ўловаў і падсумоўвала вынікі спаборніцтваў, камунальнікі частаваліся прыгатаванымі мужчынскімі рукамі прысмакамі — духмянай юшкай, сакавітымі шашлыкамі, пловам па ўласным рэцэпце, чаем з лясных траў. Пры гэтым эмацыянальна абменьваліся ўражаннямі не вельмі ўдалай рыбалкі, разважалі і пра свае прафесійныя праблемы. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.