75 гадоў з дня вызвалення Беларусі. Медаль «Партызану Айчыннай вайны»

75 гадоў з дня вызвалення Беларусі
Падчас Вялікай Айчыннай вайны наш народ адзіным цэлым супраціўляўся ворагу. Немалую ролю ў агульнай справе адыгралі і партызаны. Атрады народных мсціўцаў здабывалі важныя звесткі, наносілі ўдары па немцах з тылу, займаліся антыфашысцкай прапагандай, аказвалі баявое садзейнічанне Чырвонай Арміі і г. д.

За заслугі ў справе арганізацыі партызанскага руху, за адвагу, гераізм і поспехі ў партызанскай барацьбе за Радзіму ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў гэтых мужных і адданых людзей узнагароджвалі медалём «Партызану Айчыннай вайны». Узнагарода была заснавана Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 лютага 1943 года. Аўтар выявы на ёй — мастак Мікалай Маскалёў, малюнак узяты з неажыццёўленага праекта медаля «25 гадоў Савецкай Арміі».

На Браслаўшчыне таксама быў рух супраціўлення і дзейнічалі брыгады народных мсціўцаў. Многія ўдзельнікі партызанскага руху ўдастоены ганаровай узнагароды. Сярод іх — Вера Абрамаўна Шапіра. У фондах Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў захоўваецца не адна яе ўзнагарода…

Родам з Замошша, яна ў 1942 годзе перажыла вялікую страту: немцы расстралялі яе маці, братоў і сясцёр. Калі ў 1943 годзе партызанская брыгада імя Жукава прыйшла да нас з Расоншчыны, то Вера ўступіла ў яе. Працавала швачкай, дапамагала на кухні, хадзіла ў разведку і г. д. Пасля вызвалення Браслаўшчыны стала збіраць па пустуючых хатах кнігі для Браслаўскай раённай бібліятэкі і да 1976-га адпрацавала ў ёй бібліятэкарам.

У фондах захоўваецца яе аўтабіяграфія, анкета і фотаздымкі. А самае галоўнае — узнагароды, што знаходзяцца на зялёнай камізэльцы, у якой яна часта прыходзіла на сустрэчы з браслаўчанамі пагутарыць на патрыятычныя тэмы.

Вера Шапіра ўзнагароджана медалямі «Партызану Айчыннай вайны» 1 ступені, «За перамогу над Германіяй» і інш. Старэйшыя жыхары Браслава памятаюць В. Шапіра як чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Яна шмат сустракалася з моладдзю і расказвала пра Вялікую Айчынную вайну і партызанскія будні. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.