Каштоўнасць аграгарадка — людзі. Жыхары Ахрэмаўцаў пра тое, за што яны любяць сваю малую радзіму

Год малой родины
«Ведаеш, толькі цяпер, знаходзячыся за сотні кіламетраў ад родных мясцін, я пачынаю разумець, што такое сум і настальгія па родным краі», — прызналася мне неяк адна знаёмая, што ўжо гадоў пяць жыве за межамі Беларусі. Мы ж, тутэйшыя, часам не ўсведамляем, чым для нас з’яўляецца малая радзіма. Сёння паразважаць на гэтую тэму мы папрасілі жыхароў аграгарадка Ахрэмаўцы.

Аляксей ПЯТКУН, вучань Ахрэмаўскай школы, прызёр раённых алімпіяд па інфарматыцы, удзельнік мясцовага духавога аркестра, раённых і абласных турыстычных спаборніцтваў, актыўны аматар культурна-мастацкай самадзейнасці:

— Ахрэмаўцы — месца, дзе я нарадзіўся, з гэтых мясцін мае бацькі, дзядуля з бабуляй і іншыя сваякі. З родным аграгарадком мяне звязваюць толькі прыемныя моманты. Тут жывуць мае сябры, я атрымліваю адукацыю, вучыўся па класе скрыпкі ў музычнай школе. З мінулага года адкрыў для сябе прыцягальнасць турыстычнага жыцця. Словам, гэта месца, дзе я пачаў рабіць першыя крокі і сталець. У Ахрэмаўцах ёсць нямала прыгожых куточкаў, адзін з іх — паўвостраў Вушына, там я часта гуляю з сабакам і думаю на розныя тэмы. Сёлета мне неабходна паступаць і вызначацца з будучыняй. Вядома ж, калі б была магчымасць вярнуцца і працаваць тут, то хацеў бы так зрабіць. Пакуль жа, думаю, буду сумаваць па сваёй малой радзіме, бо яна шмат значыць для мяне.


Алена ДАЛЕЦКАЯ, бібліятэкар Ахрэмаўскай бібліятэкі, дэпутат мясцовага сельсавета, актыўны дзеяч аграгарадка, уваходзіць у творчую групу па добраўпарадкаванні населенага пункта:

— Ахрэмаўцы сталі мне роднымі, калі з мужам набылі тут дом. Жыву ў гэтым населеным пункце больш за 20 гадоў, выраслі дзеці: сын закончыў школу, а дачка вучыцца ў 11 класе. Ужо шэсць гадоў я працую ў бібліятэцы і магу адзначыць, што галоўная каштоўнасць аграгарадка — людзі. Яны разважлівыя, добрыя, спагадлівыя, ветлівыя. Пры бібліятэцы існуе клуб па інтарэсах, мы часта збіраемся, абмяркоўвам розныя тэмы, дзелімся рэцэптамі і інш.

Я цікаўлюся гісторыяй і з задавальненнем працягваю весці летапіс вёскі, пачаты маімі папярэдніцамі Луцыяй Кажурна і Зояй Новік. Пагартаўшы яго старонкі, можна даведацца не толькі пра мясцовых людзей, але і пазнаёміцца з мінулым Ахрэмаўцаў! Шкада, што некаторыя славутасці не захаваліся, праўда, даведацца пра іх можна па малюнках і фотаздымках. Бачна, што гэты аграгарадок мае слаўную гісторыю. У мінулым годзе ў бібліятэцы мы склалі буклет «10 прычын наведаць Ахрэмаўцы», які яшчэ раз даказвае, што гэты куток заслугоўвае павагі. Я ж у сваю чаргу таксама не шкадую, што Ахрэмаўцы сталі маёй радзімай і лёсам. ■

Фота Алены НАБЕЕВАЙ.