Жыхар Браслаўскага раёна незаконна захоўваў у сябе дома порах і патроны

Человек и закон

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

У лютым бягучага года супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта перадалі пракурору для накіравання ў суд крымінальную справу па абвінавачванні жыхара нашага раёна ў незаконным набыцці і захоўванні боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

Пры гутарцы з супрацоўнікамі праваахоўных органаў мужчына 1975 г. н. сцвярджаў, што быццам засталіся ад былых уладальнікаў дома. Аднак сам ён у ім жыве ўжо амаль 20 гадоў. Атрымліваецца, столькі ж часу захоўваліся і гэтыя небяспечныя прадметы, пакуль іх не выявілі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Хочацца нагадаць, што зброя і боепрыпасы заўсёды ўяўляюць небяспеку, а калі яны знаходзяцца ў руках злачынцаў, рызыка ўзрастае ў геаметрычнай прагрэсіі. Таму грамадзяне, што захоўваюць такія прадметы, немінуча будуць прыцягнуты да строгай крымінальнай адказнасці, пазбегнуць якой могуць толькі тыя, хто добраахвотна здаў у органы аховы правапарадку незаконную зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы.

Да крымінальнай адказнасці таксама будуць прыцягнуты грамадзяне, якія выкінулі такія прадметы ў смеццевыя бакі.

Калі вам вядомы факты незаконнага захоўвання зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, абавязкова паведаміце пра гэта ў праваахоўныя органы (можна і ананімна). Гэтым самым вы захаваеце жыццё і здароўе іншых грамадзян, а магчыма, сваіх блізкіх і ўласнае. ■

Кацярына ШАЎЧАНКОВА,

следчы Браслаўскага РАСК.