Карэспандэнт газеты разам з супрацоўнікамі Браслаўскага РАНС пабывала ў рэйдзе па дамах мясцовых жыхароў

Безопасность
Жыллё шматдзетных сямей, а таксама адзінокіх, старых і асоб, што злоўжываюць спіртным, зноў трапіла ў поле зроку супрацоўнікаў Браслаўскага РАНС і іншых зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі. У рамках месячніка пажарнай бяспекі і адзінага дня бяспекі кожны дзень гэтыя адрасы абходзяць міжведамасныя групы. У адным з такіх рэйдаў разам з упаўнаважанымі асобамі ў дамах нашых мясцовых жыхароў пабывала і карэспандэнт «Браслаўскай звязды».

Дарэчы, у нашым раёне міжведамасныя рэйды па шматдзетных, нядобранадзейных сем’ях і падазроных адрасах праходзяць з зайздроснай рэгулярнасцю. Цяпер — акцэнт асаблівы. Нагодай для ўзмоцненай увагі з боку інспектараў РАНС да пытанняў пажарнай бяспекі стала неспрыяльная пажарабяспечная сітуацыя на Браслаўшчыне і Віцебшчыне ў цэлым: напрыканцы леташняга года і сёлета адзначаецца рост пажараў і гібелі людзей на іх.

Заходзім у дом да шматдзетнай сям’і. Спрактыкаваным вокам інспектар адразу заўважае некалькі ўключаных у адну разетку электрапрыбораў. Пажарны рэкамендуе гаспадыні не перагружаць электрасетку і тлумачыць, да чаго такія дзеянні могуць прывесці.

Па іншым адрасе звяртае ўвагу на трэшчыны ў печы, якую даўно трэба адрамантаваць і пабяліць. Пажарны апавяшчальнік, здавалася б, на месцы, аднак пры больш дэталёвым аглядзе заўважаем адсутнасць у прыборы элементаў сілкавання. Каго ж выратуе такі апавяшчальнік!? Інспектар адразу прыводзіць нядаўні опсаўскі прыклад: ноччу АПА спрацаваў і выратаваў шматдзетную сям’ю з пяці чалавек.

І так дом за домам. У адных домаўладаннях парушэнняў пажарнай бяспекі практычна няма, у іншых нараканні знаходзяцца. Складаней з асацыяльнымі асобамі, але ў большасці гаспадары з разуменнем адносяцца да падобных праверак, згаджаюцца і абяцаюць выправіць недахопы.

Прафілактычныя групы за два тыдні ўжо паспелі абследаваць домаўладанні ў Відзах, Друі, Опсе, Мяжанах і Далёкіх. Цікавяцца суб’екты прафілактыкі жыццём надзённым: сацыяльнымі пытаннямі, праблемамі шматдзетных бацькоў, звяртаюць увагу на парадак і санітарна-гігіенічны стан у доме, належны догляд за малымі. У супрацоўнікаў РАНС свая місія — пракантраляваць выкананне норм пажарнай бяспекі.

— Наша мэта, — між справай тлумачыць намеснік Браслаўскага РАНС Сяргей Федарэнка, — паказаць і канкрэтна растлумачыць, чым пагражае тое ці іншае парушэнне правілаў. Падчас аглядаў мы звяртаем увагу ў першую чаргу на стан печаў, ці адпавядаюць яны неабходным патрабаванням, правяраем электраправодку ў доме, спраўнасць і правільную эксплуатацыю бытавых прыбораў, папярэджваем пра небяспеку курэння ў пасцелі, рэкамендуем устанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

Падчас аднаго рэйда прафілактычная група аб’язджае прыкладна 20 домаўладанняў. І калі падобныя акцыі выратуюць ад пажару хаця б адну сям’ю, гэта работа будзе недарэмнай. ■

Вера БУЛАНАВА.