«Перад намі стаяць шматлікія і разнапланавыя задачы». Ваенны камісар пра сябе і службу

Люди
Ва ўсе часы былі людзі, якія стаялі на абароне інтарэсаў сваёй краіны і, нягледзячы на нястачы і нягоды, абаранялі яе жыхароў, былі гонарам і апорай дзяржавы. Менавіта таму афіцэр — гэта не проста прафесія, а прызванне.

Яшчэ са школьнай парты Віталь Грамніцкі цвёрда вырашыў звязаць свой лёс з ваеннай службай. Хлопец упарта рыхтаваўся да паступлення ў Ваенную акадэмію: узмоцнена займаўся спортам, штудзіраваў вучэбныя прадметы. І вось мара збылася: ён стаў курсантам акадэміі.

Зразумела, уклад жыцця значна адрозніваўся ад дамашняга: строгі казарменны рэжым, усё трэба было рабіць па званку і загадзе. Аднак, узгадвае В. Грамніцкі, «не так там было і цяжка». Галоўнае, акадэмія выхавала характар і загартавала маральна.

Пяць гадоў вучобы праляцелі для курсанта вельмі хутка. І надышоў час адправіцца на першае месца службы. Ім аказалася 354-я радыёнавігацыйная часць каля г. Слоніма.

— Гэта станцыя далёкай радыёнавігацыі, — кажа Віталь Грамніцкі, — уваходзіць у склад пяці станцый Еўрапейскага ланцуга далёкага радыёнавігацыйнага забеспячэння. На працягу сутак дзяжурная змена кантралюе выпрамленне ў эфір сігнала, дзякуючы якому самалёты могуць вызначыць свае каардынаты. За восем гадоў бездакорнай службы на станцыі В. Грамніцкі прайшоў кар’ерны шлях ад лейтэнанта да маёра на розных воінскіх пасадах. А ў 2012 годзе ўзначаліў Браслаўскі ваенкамат. Сёння пад яго кіраўніцтвам працуе калектыў з 19 чалавек, у ліку якіх 3 афіцэры і 15 грамадзянскіх. І кожны з іх, адзначае ваенны камісар раёна, патрэбная дэталь важнага дзяржаўнага механізма, які працуе без збояў.

— Перад намі стаяць шматлікія і разнапланавыя задачы, — кажа Віталь Грамніцкі, — мабілізацыя людскіх і транспартных рэсурсаў, прызыў грамадзян на ваенную службу, арганізацыя тэрытарыяльнай абароны. Акрамя гэтага, ваенныя камісарыяты ажыццяўляюць адбор кандыдатаў для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы, на ваенную службу па кантракце, забяспечваюць сацыяльную абарону ваеннаслужачых, ваенных пенсіянераў і членаў іх сем’яў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзельнікаў ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС, вырашаюць пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі і многія іншыя.

Так што на плячах спецыялістаў ваенкамата ляжыць вялізны пласт абавязкаў. Адным з самых напружаных перыядаў у іх дзейнасці з’яўляецца прызыўная кампанія. Як адзначыў В. Грамніцкі, у гэты перыяд Браслаўшчына папаўняе рады ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прыкладна на 80 юнакоў. Вельмі прыемна, падкрэслівае ваенны камісар, што ў большасці сваёй браслаўчане праяўляюць сябе ў армейскіх радах са станоўчага боку. Самыя лепшыя прызыўнікі заахвочваюцца камандаваннем воінскіх часцей, а іх бацькі атрымліваюць падзячныя лісты за годнае выхаванне сыноў.

Напрыканцы сустрэчы В. Грамніцкі павіншаваў сваіх калег і ўсіх мужчын Браслаўшчыны са святам, пажадаў мірнага неба над галавой, здароўя і дабрабыту. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.