Браслаўскія фатографы расказалі, чаму сталі здымаць і што іх натхняе

Отдых
Наша жыццё пралятае вельмі хутка, і мы не заўсёды паспяваем захаваць у памяці важныя моманты. Фатаграфаванне — гэта магчымасць спыніць час на якім-небудзь узрушаючым моманце, выказаць свае эмоцыі і пачуцці адным невялікім здымкам, пашырыць грані свайго «я». А дзе яшчэ гэта рабіць, як не на Браслаўшчыне? Мы вырашылі даведацца ў мясцовых фатографаў, з якога часу яны пачалі займацца сваёй справай, чаму сталі здымаць і што іх натхняе.

Тэрэса КАВАЛЕЎСКАЯ:

— Фатаграфія — маё хобі! Я на пенсіі і здымаю ў сваё задавальненне ўсё, што мне падабаецца, радуе і падымае настрой. Пазітывам дзялюся з людзьмі. Многа інфармацыі пра фатаграфію бяру ў інтэрнэце. На жаль, ведаў не хапае. Вялікі плюс, што жыву каля найпрыгажэйшага возера Дрывяты, таму не магу ўтрымацца: фатаграфую світанні, заходы сонца і іншыя пейзажы. Яшчэ мне вельмі падабаецца рабіць партрэты, лавіць эмоцыі, атрымліваць эстэтычную асалоду пры здымцы. Дзялюся сваімі работамі з людзьмі ў сацыяльных сетках.

Аляксандр ТАЎКІНЬ:

— Фатаграфіяй я стаў захапляцца прыкладна ў 23 гады: усё пачалося з набыцця нармальнага фотаапарата. Пасля працы проста прагульваўся па горадзе і шукаў цікавыя сюжэты, тады мяне прыцягвала стрыт-фатаграфія. Пасля пераезду з Віцебска ў Браслаў фатаграфія стала тут для мяне асноўным заняткам: спачатку я працаваў у фотастудыі, потым пачаў здымаць вяселлі. Цяпер камерцыйнай здымкай не займаюся, фатаграфую толькі для душы. Я не магу сказаць, што мяне натхняюць нейкія канкрэтныя рэчы. Натхніцца можна чым заўгодна: музыкай, фільмамі, учынкамі людзей — і з гэтага можа нарадзіцца які-небудзь сюжэт у галаве. Мне заўсёды падабаліся атмасферныя фатаграфіі, нешта падобнае я спрабую рабіць.

Ян ЖАМЧУГОЎ:

— Я не назваў бы сябе фатографам, бо большасць здымкаў зроблены смартфонам проста на бягу. Мне здаецца, фатограф — гэта той, хто шукае сюжэт, прысвячае здымкам шмат часу, карыстаецца спецыяльнай тэхнікай. Мае фатаграфіі — больш імпрэсіянізм, перадача мімалётных уражанняў. Іду, бачу — фатаграфую. Натхняе мяне прырода. І тут, у нашым краі, гэта бязмежны прастор для здымкі. Але можна фатаграфаваць і адну галінку. Яна заўсёды будзе рознай — у залежнасці ад пары года, надвор’я і асвятлення. Вось гэта мне падабаецца фатаграфаваць больш за ўсё. Дэталі, простыя на першы погляд, але заўсёды такія розныя. Захапляўся фатаграфіяй з дзяцінства. Мой тата шмат фатаграфаваў. Мне ў свой час падарылі маленькі плёначны фотаапарат «Змена». Я з ім вельмі хутка пасябраваў. Потым былі іншыя камеры: «Зеніт», плёнкавы і лічбавы «Кэнан». Але плёнку я люблю да гэтага часу, іншая справа, што затратна і клопатна. А калі ў цябе ў смартфоне камера не горш, чым у фотаапараце, неяк забываеш пра яго. Напэўна, каб у мяне было яшчэ адно жыццё, я б стаў прафесійным фатографам, ездзіў бы па свеце. А цяпер гэта больш для сябе. Часам пераглядаеш фатаграфіі і ўспамінаеш выдатныя моманты.

Надзея МАРКОВІЧ:

— Фатаграфіяй пачала цікавіцца каля 3 гадоў таму назад. Да гэтага мела стасункі з людзьмі, якія даўно ёй займаюцца, глядзела іх работы — так узнікла жаданне паспрабаваць самой, пачала «бачыць кадры». Доўгі час фатаграфавала толькі на тэлефон (і цяпер таксама часам), гэтай восенню з’явіўся плёначны фотаапарат «ЗенітЕТ», цяпер вучуся здымаць ім, бо там свае тонкасці. Што натхняе? Напэўна, як і многіх, прыгажосць ва ўсім: прыгажосць мясцін і прыгажосць у людзях, фізічная і духоўная, шчырасць. Проста бачыш нешта і думаеш, што трэба, каб гэта засталося, хочацца спыніць момант, падзяліцца ім з іншымі.

Як бачна, займацца хобі можна ў любым узросце. Калі ж няма прафесійных ведаў па гэтай справе, то варта наведаць і курсы. Аднак не ва ўсіх гарадах ёсць такія магчымасці. Праўда, у стагоддзе інтэрнэту і гэта ўжо не праблема. Цяпер шмат добрых відэакурсаў і трэнінгаў у сацыяльных сетках, дзе вам раскажуць і пакажуць усё, што вы хочаце ведаць пра фатаграфію. ■

Кацярына ЛАБЭЦКАЯ,

студэнтка 3 курса філфака ВДУ імя П. М. Машэрава.

Фота з асабістых архіваў.