Дваццаць першага лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

Новости
Лічыцца, што мова — адзін з самых моцных інструментаў захавання нацыянальнай спадчыны. Тым не менш, па ацэнках ЮНЭСКА, прыкладна палова з існуючых сёння 6 тысяч моў знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Ці тычыцца гэта беларускай? Бадай, кожны, хто пачуе такое пытанне, упэўнена адкажа адмоўна. Разам з тым па-беларуску, паводле даследаванняў інфармацыйнааналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у паўсядзённым жыцці размаўляюць толькі 3 % рэспандэнтаў. Астатнія — па-руску ці на так званай трасянцы. У той жа час каля 48 % (заўважце, менш за палову) беларусаў лічаць беларускую мову роднай.

З мэтай высвятлення сітуацыі ў нашым раёне «Браслаўская звязда» таксама правяла імправізаванае даследаванне. Падчас інтэрнэт-апытання браслаўчане падзяліліся сваімі асабістымі моўнымі перавагамі. Згодна з імі толькі 2,5 % рэспандэнтаў пастаянна размаўляюць на беларускай мове, часта карыстаюцца ёй — 15 %, рэдка — 43 %, ніколі — 39,5 %. Атрымліваецца, што мы з вамі ставімся да роднай мовы роўна так жа, як і беларусы ў цэлым. Але ці добра гэта? Асабліва калі прыняць да ўвагі найбольш важныя лічбы ў літаральна пару працэнтаў.

Разам з тым гаварыць пра абсалютны заняпад нашай моўнай культуры нельга. Мы чуем родную мову па радыё і тэлебачанні, чытаем у газетах і часопісах, вывучаем у школе. Настаўнікі, дарэчы, адзначаюць пагаршэнне ведаў дзяцей у сферы беларускай філалогіі. Тут ужо на першы план выходзіць іншая праблема. Справа ў тым, што гаварыць па-беларуску штодзень і паўсюдна — гэта адно, а вось разумець, ці, дакладней, не разумець сваю тытульную мову — зусім іншае. Ну пагадзіцеся, беларус, які не разумее па-беларуску — нонсэнс. І тычыцца гэта як дзяцей, што толькі вучаць адпаведныя прадметы, так і дарослых, для якіх валоданне абедзвюма дзяржаўнымі мовамі ці не прыкмета добрага тону.

Таму, напэўна, нам усім варта больш павагі ўкладваць у зносіны з нацыянальнай культурай, бо гэта тое, што стагоддзямі перадавалася з пакалення ў пакаленне і знікнуць ні ў якім разе не павінна. А каб падтрымаць беларускае слова, проста выкарыстоўвайце яго, вучыце яму сваіх дзяцей, чытайце беларускую літаратуру і… раёнку: нашы аўтары — адны з тых неабыякавых браслаўчан, што імкнуцца актыўна папулярызаваць беларускую мову. Дарэчы, адну з самых мілагучных у свеце. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.