Чарговы дзень здароўя са спартыўным ухілам прайшоў у першай гарадской школе

Здоровье
Прычым яго ўдзельнікі маглі паспаборнічаць як у хуткасці і спрыце, так і ў кемлівасці ды здагадлівасці.

Найбольшыя эмоцыі кіпелі ў спартыўнай зале, дзе хлопцы-старшакласнікі сабраліся на турнір па міні-футболе. Дзяўчаты таксама не засталіся ў баку ад падзей: падтрымлівалі свае каманды і ў перапынках удзельнічалі ў конкурсе балельшчыкаў.

Пакуль адны навучэнцы спадзяваліся на ўменні ды спрыт, іншыя напружвалі розум: знаўцы алімпійскага руху змагаліся за званне лепшых падчас інтэлектуальнай гульні.

Тым часам у актавай зале разгарнулася сапраўднае спартыўнае свята — «Малыя Алімпійскія гульні». Вучні 5 — 8 класаў паўдзельнічалі ў музычнай размінцы, праверылі свае веды наконт зімовых відаў спорту, адгадваючы загадкі, спаборнічалі ў вясёлых конкурсах «Алімпійскі агонь», «Меткі стралок», «Хакей» і інш. Праходзілі гульні пад вядомым дэвізам «Хутчэй, вышэй, мацней», які, дарэчы, камандам давялося складаць з асобных літар.

Школьнікі спаборнічалі ў розных выпрабаваннях, але агульным для ўсіх быў спартыўны запал, чэсная барацьба і цудоўны настрой. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.