Браслаўская майстрыха стварае дзівосныя ўпрыгажэнні са скуры

Отдых
У народным клубе майстроў і мастакоў «Ля возера» толькі Жанна Міхновіч з Далёкіх працуе з даволі складаным і дарагім для вырабаў матэрыялам — скурай. Пры гэтым такому рамяству яна вучылася амаль самастойна…

Невялікі стол ля акна з разнастайнымі інструментамі (прабойнік, кусачкі, нажніцы і г. д.), розная фурнітура, лямпа — у такіх умовах нараджаецца чарговы рукатворны шэдэўр ад Жанны Міхновіч. А наўкол — вышыванкі, карціны і аплікацыі з бяросты, бісеру, саломкі, калекцыя джынсавых сумак і жаночых упрыгажэнняў. Бачна, што жанчына з’яўляецца майстрыхай у многіх накірунках. Але ў апошнія гады яна асабліва раскрылася як майстар па дэкаратыўнай апрацоўцы скуры. У руках творчай Жанны тая ператвараецца ў прыгожыя кулоны, завушніцы, брошкі, футляры, падвескі і інш.

— Падчас працы ў мясцовым СДК мне пашчасціла трапіць на курсы па мастацкай апрацоўцы скуры. З намі працавалі майстры, якія далі азы работы з такім матэрыялам. Аднак па вяртанні ў Далёкія не адразу пачала займацца гэтай дзейнасцю, — расказвае жанчына. — Праз некаторы час знаёмыя папрасілі зрабіць жаночы аксесуар. Я паспрабавала, а пасля трапіла ў музей, аднесла вырабы ў сувенірную лаўку, мяне запрасілі на выстаўку — і ўсё закруцілася…

Вядома ж, скура — матэрыял нятанны для захаплення, але выручаюць сябры і знаёмыя, якія прыносяць непатрэбныя рэчы, што пасля літаральна распускаюцца кветкамі ў руках жанчыны. Свае вырабы яна дапаўняе бісерам, гузікамі і іншай фурнітурай. Прычым робіць гэта так па-мастацку, што ўзнікае пытанне, як гэта зроблена.

Цяпер без удзелу Жанны Міхновіч у музеі традыцыйнай культуры не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. Ды што казаць пра Браслаў! Яна не прапускае фестывалі ў Паставах, Мёрах, Глыбокім, Шаркаўшчыне. Удзельнічала ў Горадзе майстроў на «Славянскім базары» і Дні пісьменнасці ў Полацку разам з супрацоўнікамі музея. Ж. Міхновіч наведвае кожнае пасяджэнне клуба майстроў і мастакоў і ахвотна знаёміцца з аднадумцамі.

— Калі б я жыла ў Браславе, то кожны дзень прыходзіла б у музей традыцыйнай культуры. Там працуюць вельмі творчыя людзі, а якія ў нас таленавітыя майстры! З усімі адно задавальненне размаўляць і дзяліцца задумкамі, — прызнаецца жанчына. — Я б яшчэ і навучылася ткаць на кроснах, плесці паясы, тым больш што ёсць у каго вучыцца. Дзякуй мужу, які падтрымлівае мае памкненні ў творчасці і часам смехам заўважае, што ў мяне ўжо больш усялякіх інструментаў, чым у яго. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.