Пра што пісала «Браслаўская звязда» 30 гадоў таму назад (люты 1989-га)

Калейдоскоп

БЕЗ МІНУЎШЧЫНЫ НЯМА СУЧАСНАСЦІ

Бадай, упершыню праводзілася на раённым узроўні навуковая канферэнцыя па гісторыі Браслаўшчыны. За два дні ў зале гарадскога Дома культуры прагучалі 15 дакладаў пра мінулае нашага краю — магільнікі-курганы, замкі і гарадзішчы, археалагічныя знаходкі, мясцовыя рамёствы, помнікі архітэктуры, славутых землякоў. Было вырашана зрабіць навуковую канферэнцыю традыцыйнай і праводзіць яе раз у тры гады ў выглядзе «Браслаўскіх чытанняў».

СТАЎ НАЗЫВАЦЦА КАЛГАС «МЯЖАНЫ»

На старонках газеты неаднаразова ўздымалася пытанне перайменавання калгаса імя Жданава. А. А. Жданаў, які меў дачыненне да сталінскіх рэпрэсій, не заслужыў увекавечання імя. Днямі на справаздачным сходзе калгаснікі адмовіліся ад ранейшай назвы сваёй гаспадаркі і назвалі яе «Мяжаны» — так называецца цэнтральная вёска калгаса. Некоторыя чытачы, дарэчы, абураліся, што СШ № 1 носіць імя А. М. Жданава. Але ж бачна па ініцыялах, што гэта іншы Жданаў — Герой Савецкага Саюза, які загінуў у час вызвалення Браслаўшчыны. Яго імя шануюць.

ЗАБАРОНА НЕ ВЫХАД СА СТАНОВІШЧА

Ужо не раз узнімалася пытанне будаўніцтва дзіцячай малочнай кухні ці выдзялення пад яе больш зручнага памяшкання. Аднак за ўвесь час існавання кухні па вул. Ленінскай санстанцыя ні разу не змагла забракаваць прадукты для маленькіх браслаўчан. Праўда, гэта не перашкодзіла санітарнай службе забараніць выраб там біялакту. Незразумела, чаму ўмовы не сталі адпавядаць нормам менавіта з 1 лютага, — выразнага адказу ўстрывожаным маці пачуць не давялося.

НА АГНЯВЫМ РУБЯЖЫ

У раённых фінальных спаборніцтвах юных стралкоў, што адбыліся на базе Друйскай СШ, лепшую падрыхтоўку прадэманстравалі рабяты другой гарадской сярэдняй школы. Яны набралі 1 260 ачкоў з 1 500 магчымых. На тры ачкі адсталі ад лідараў стралкі Ахрэмавецкай СШ, на трэцім месцы каманда Друйскага СПТВ-172. У асабістым заліку лепшымі сталі вучань Ахрэмавецкай СШ Аляксандр Цітовіч, Алег Буткевіч з СШ № 2 і Юрый Грык’- ян з Друі.

НА ПРЫЛАЎКУ — ПУШНІНА

У магазіне таварыства паляўнічых і рыбаловаў з’явіўся нехарактэрны для яго асартыменту тавар. Гэта вырабленыя шкуры янотаў, куніц, чырвоных лісіц. Раней нашы паляўнічыя нарыхтоўвалі пушніну ў значных колькасцях, а вось распараджаліся ёю іншыя. Усе шкуркі здаваліся ў нарыхтоўчую кантору, пасля чаго іх і не бачылі. Цяпер жа паляўнічая гаспадарка ўзяла ў свае рукі не толькі здабычу, але і рэалізацыю футра.

У ІМЯ ПРАВАПАРАДКУ?

У Відзах моладзі, якой застаецца ўсё менш і менш, па выхадных заняцца нечым. Днём даводзіцца бавіць час дома ці ў сяброў, і толькі вечарам можна падацца ў кіно ці на танцы. Гадамі склалася, што пачынаюцца яны не раней за 22.00. Але не паспее моладзь павесяліцца, як яе выправаджваюць з ДК, маўляў, ужо 12 ночы. За гэтым пільна сочыць участковы інспектар. А некаторыя маладыя людзі, не страціўшы энергіі ў танцах, шукаюць іншае месца, што, бывае, заканчваецца прыгодамі. Лепш было б, каб юнакі і дзяўчаты весяліліся ў клубе.

СМЯРОТНЫЯ ЛАВУШКІ НА ЛЁДАВЫХ СЦЯЖЫНКАХ

Возера Навята ляжыць у цэнтры горада. Таму браслаўчане, нягледзячы на пастаянныя папярэджванні таварыства выратавання на водах, з надыходам зімы скарачаюць сабе дарогу і ідуць праз вадаём. Але грамадзяне, што мыюць тут матылёў, і арганізацыі, якія ім дазволілі прамысловую здабычу ў межах горада, пра гэта забываюцца. Лункі, агароджаныя трыснягом толькі дзеля формы, становяцца смяротнымі лавушкамі для людзей. Відаць, выканкаму варта забараніць здабычу матыля ў межах Браслава.

ЛЕЧЫЦЬ БЕЗ БОЛЮ

Многія, каму патрэбна стаматалагічная дапамога, баяцца болю, якім суправаджаецца лячэнне. Цяпер яны могуць быць смялейшымі. У гарадской паліклініцы з’явілася новая турбінная ўстаноўка, карыстаючыся якой, урач амаль не дастаўляе турбот пацыенту.

АБ’ЯВА

Да ведама пакупнікоў! Праўленне Браслаўскага раённага спажывецкага саюза паведамляе, што згубленыя талоны на цукар і алкагольныя напіткі не аднаўляюцца. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.