У Браславе 14 маладых супрацоўнікаў мытні прысягнулі на вернасць краіне

Новости
Прынясенне прысягі на вернасць Радзіме — прыгожы, сімвалічны і надзвычай адказны момант у пачатку кар’еры кожнага маладога інспектара мытных органаў. Менавіта з такой цырымоніі, якая прайшла ў Браславе каля помніка загінулым салдатам, пачаўся шэраг сёлетніх урачыстых мерапрыемстваў для супрацоўнікаў Віцебскай мытні.

Нездарма цырымонія адбывалася на прыгранічнай Браслаўшчыне. Клятву служыць верай і праўдай роднай Беларусі далі чатырнаццаць інспектараў мытнай службы ІІІ рангу, у ліку якіх і сем нашых землякоў. Яны, дарэчы, паспяхова прайшлі сур’ёзны конкурсны адбор і ўжо вытрымалі экзамен на прафесіянальную прыдатнасць. Усе ўпершыню прынятыя супрацоўнікі нясуць службу на мяжы з Латвіяй у пунктах пропуску «Урбаны» і «Грыгароўшчына».

Стройную калону маладога папаўнення вітала кіраўніцтва абласнога ведамства, мытнага паста «Урбаны», а таксама ветэраны і родныя. Не без хвалявання, шчыра і нават са слязамі на вачах хлопцы і дзяўчаты давалі клятву на вернаць Радзіме.

Пасля ўрачыстага моманту ў сваім віншавальным адрасе намеснік начальніка Віцебскай мытні Генадзь Кажарскі выказаў упэўненасць, што кожны прыняты на службу інспектар будзе дысцыплінаваным, пільным пры выкананні службовага абавязку, будзе годна несці высокае званне мытніка, пажадаў шматгадовай бездакорнай службы і падарыў новаспечаным інспектарам сувеніры.


Першым, каму выпаў гонар зачытаць клятву, аказаўся браслаўчанін Валянцін ГАРБУНОЎ. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі пасля прысягі:

— Сёння для мяне вельмі хвалюючы момант, але я з радасцю чакаў уступлення ў рады мытнікаў. Адслужыў у арміі, а далей свядома вырашыў працягнуць службу ўжо ў мытні. Гэта асаблівы гонар, адказнасць, дастойны заробак і працяг сямейнай прафесіі: мой родны дзядзька шмат гадоў адпрацаваў мытнікам, сёння ён тут, падтрымлівае мяне разам з бацькамі. Адным словам, я ганаруся, што аказаўся ў радах інспектараў Віцебскай мытні, і буду абараняць эканамічныя інтарэсы нашай дзяржавы.


На мерапрыемстве таксама адбылося і ўрачыстае ўручэнне памятных знакаў «25 год Віцебскай мытні»: іх былі ўдастоены начальнік мытнага паста «Урбаны» Сяргей Каржэнка і браслаўскія ветэраны-мытнікі Жанна Жук, Алена Кадакова, Валяр’ян Навіцкі, Віктар Палякоўскі.

Урачыстасць завяршылася традыцыйным фота на памяць каля мемарыяла і экскурсіяй па Браславе. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.