У мінулым годзе на Браслаўшчыне зарэгістравана шэсць няшчасных выпадкаў на вытворчасці

Новости
На жаль, нягледзячы на строгі кантроль за аховай працы, на некаторых прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна пазбегнуць вытворчых траўмаў летась не ўдалося.

Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Лапко, у мінулым годзе на Браслаўшчыне адбылося шэсць няшчасных выпадкаў на вытворчасці, два з якіх — з цяжкімі наступствамі.

Так, у маі тэхнік-электрык, выконваючы абавязкі галоўнага энергетыка ААТ «Агравідзы», падчас устаноўкі помпы для адкачкі неадпрацаваных вадкіх сцёкаў атрымаў сур’ёзную электратраўму.

Другі выпадак цяжкай вытворчай траўмы адбыўся ў СВК «Маяк Браслаўскі». Пры разбіранні мясной тушы нож саслізнуў па косці і пракалоў грудзі абвальшчыка мяса над краем кальчужнага фартуха.

У чэрвені на ўчастку Браслаўскага лясніцтва нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» падчас валкі лесу памочнік вальшчыка адышоў на недастаткова бяспечную адлегласць і дрэва пры падзенні ўдарыла сухой галінай па яго правым воку. Быў і яшчэ адзін няшчасны выпадак пры валцы лесу, але ўжо ў кастрычніку: пры распілоўцы паваленага дрэва яго ствалом прыціснула нагу вальшчыку.

Безумоўна, барацьба з баршчэўнікам — неабходная задача, але варта памятаць, што расліна гэта вельмі небяспечная. Праявіўшы бестурботнасць пры яе абкошванні ручной касой, хімічны апёк абодвух перадплеччаў атрымаў работнік КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік».

Не пашанцавала і жывёлаводу ААТ «Слабодка-агра», якому на нагу стаў конь падчас яго кармлення.

Як паказваюць вынікі расследаванняў, адзначае Л. Лапко, асноўнымі прычынамі трагедый сталі наступствы парушэнняў пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны і інструкцый па ахове працы, а таксама недахопы ў навучанні і інструктаванні пацярпелых.

Ахова працы, рэзюмавала спецыяліст, была і застаецца найважнейшым пытаннем, якое патрабуе пастаяннай увагі з боку наймальнікаў, грамадскіх аб’яднанняў і, безумоўна, саміх работнікаў. ■

Алена ПЯТУШКА.