Расказвае ветэран Іван Кожар

Вялікай Перамозе - 76
Сёлета спаўняецца 75 гадоў з таго дня, як адгрымелі на нашай зямлі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны. І ўвесь гэты час дзякуючы самаахвярнаму подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў мы жывём пад мірным небам. На жаль, усё менш застаецца сярод нас тых, хто памятае смяротны подых ваенных гадоў. Сёння ў Браслаўскім раёне жывуць усяго восем ветэранаў. І вельмі важна, каб сучаснае і будучыя пакаленні лічылі сваім абавязкам, сваёй свяшчэннай місіяй захаваць праўду пра суровыя і гераічныя ваенныя гады і ганарыцца подзвігам беларускага народа.

Ясныя вочы, адкрыты прыветлівы твар, упэўненая постаць, трывалая памяць. І ніяк не верыцца, што за плячыма ветэрана вайны, ганаровага грамадзяніна Браслава Івана Кожара — складаная жыццёвая дарога даўжынёй у 95 гадоў.

І ПАЧАЛАСЯ ВАЙНА

Звычайны летні дзень. На калгасным полі завіхаюцца дарослыя і старэйшыя дзеці.

— Вайна! Вайна пачалася! — як навальніца сярод яснага неба, раздаліся страшныя словы.

Гэта вясковыя хлапчукі, задыхаўшыся ад бегу, прынеслі жудасную навіну.

Так скалыхнулася мірнае жыццё жыхароў в. Алёнавічы Талачынскага раёна.

Праз некалькі дзён у мястэчка прыехалі ваенныя і пачалася першая мабілізацыя. Жудасны плач жанчын, спужаныя крыкі дзяцей чутны былі амаль у кожнай хаце. Навабранцы другой хвалі мабілізацыі не змаглі дабрацца да рэгулярных часцей Чырвонай Арміі, бо трапілі пад нямецкія бамбёжкі. Многія мужчыны вярнуліся дадому. Пачалі з’яўляцца ў вёсцы і акружэнцы.

У хуткім часе немцы акупіравалі мястэчка. Спачатку чужакі паводзілі сябе даволі спакойна, без асаблівых злачынстваў. Вяскоўцы ўсё так жа працавалі на палях і агародах, завіхаліся каля жывёлы. Але ў думках і сэрцах людзей панаваў жах.

Часам па дарозе Мінск — Масква, якая праходзіла недалёка ад вёскі, немцы вялі нашых палонных. Жанчыны беглі да калоны і шукалі родных, а бывала, некаторыя за сваіх прызнавалі зусім незнаёмых людзей. І канваіры іх адпускалі. Так дзякуючы спагадлівасці беларусак многія палонныя пазбеглі трагічнага лёсу. У вясковых сем’ях знайшлі сабе прытулак мужчыны розных нацыянальнасцей.

Потым немцы ўвялі «новы» парадак: кожнаму жыхару выдалі «аўсвайс», а за дапамогу акружэнцам, беглым палонным ці партызанам тут жа належала пакаранне.

Жах за жыццё сваіх блізкіх і родных жалезнымі абцугамі скаваў сэрцы, але нянавісць да акупантаў усё ж перасільвала.

— Мы з сябрам, — кажа І. Кожар, — шукалі і збіралі зброю, патроны, бо разумелі, што яны абавязкова спатрэбяцца. А зімой 1942 года схавалі беглых ваеннапалонных і па чарзе прыносілі ім ежу. Вясной яны ўзялі частку нашых боепрыпасаў і пайшлі ў лес.

Кожны тыдзень вяскоўцы хадзілі ў воласць, каб паказацца немцам, якія ставілі адметку ў «аўсвайсе». Падчас чарговай праверкі Іван заўважыў, што яны з сябрам зусім у іншым спісе. Чуццё падказала хлопцам: гэта нядобра. І яны збеглі. Іван дадому не пайшоў і схаваўся ў лесе, а вось сябра з ім не застаўся, за што і паплаціўся жыццём. Некалькі дзён юнак прасядзеў у склепе, але добра разумеў, што ў любы момант фашысты могуць з ім расправіцца.

Каб не падставіць пад расстрэл сваю сям’ю, Іван з адным партызанам разыгралі перад вяскоўцамі невялікі спектакль, быццам хлопца забілі. І толькі ў 1943 годзе ён аб’явіўся ў родным доме.

У РАДАХ НАРОДНЫХ МСЦІЎЦАЎ

Пачаліся баявыя будні маладога партызана. Ваенную стратэгію даводзілася спасцігаць без прафесійных настаўнікаў, шляхам спроб і памылак. Партызанскі атрад, у які прыходзілі жыхары бліжэйшых вёсак, пачаў прырастаць новымі байцамі. А ў 1942 годзе да іх далучыліся яшчэ паўсотні чалавек, што прабраліся з-за лініі фронту. І атрад увайшоў у брыгаду народных мсціўцаў «Навальніца».

— Асноўнай нашай задачай, — узгадвае ветэран, — была арганізацыя дыверсій: мініравалі прасёлачныя і чыгуначныя дарогі, масты, кабелі сувязі, невялікія нямецкія гарнізоны.

Міны рабілі самі, бывала, што пры яе зборцы хлопцы ўзрываліся.

На кожную фашысцкую акцыю партызаны адказвалі сваёй кемлівасцю. Так, калі немцы перад аўтакалонай пачалі гнаць жанчын з бараной, народныя мсціўцы распрацавалі міну, якая дэтаніравала толькі ад вялікіх нагрузак. Каб на аўтамабільнай каляі не было відаць падкопу, хлопцы пракатвалі па ёй кола.

За адну з дыверсій на чыгуначнай дарозе радавы І. Кожар у 1943 годзе быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Нялёгкімі былі і бытавыя ўмовы. Холад, голад, антысанітарыя, вошы і хваробы былі пастаяннымі спадарожнікамі партызан. Давялося майму суразмоўцу перанесці тыф. Усіх тыфозных размясцілі ў адной хаце і пакінулі на выжыванне. Івану пашчасціла справіцца з хваробай. Перажыў малады партызан і сур’ёзнае раненне ў нагу.

ПАД МІРНЫМ НЕБАМ

Доўгачаканае вызваленне роднай зямлі адбылося ў 1944 годзе. Але перажытыя ваенныя нягоды сказаліся на здароўі Івана. У яго пачаліся моцныя галаўныя болі, таму давялося застацца ў хаце. Калі паправіўся, Талачынскі райкам партыі прызначыў І. Кожара старшынёй мясцовага калгаса. І на плечы дваццацігадовага кіраўніка ляглі гаспадарчыя клопаты. Праз два гады юнак вырашыў, што без адукацыі ў мірным жыцці не абысціся, і паступіў у Мінскі фізкультурны тэхнікум. Па яго заканчэнні працаваў настаўнікам у Глыбоцкім педагагічным вучылішчы. Менавіта там і сустрэўся са сваёй будучай жонкай. А ў 1952 г. маладая сям’я з маленькім сынам пераехала ў Браслаў. Не адно дзесяцігоддзе Іван Кожар далучаў браслаўскіх школьнікаў да фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця.

І сёння, нягледзячы на свой паважны ўзрост, ён уважліва сочыць за навінамі краіны і свету, шмат чытае газет і, здаецца, ведае адказы на ўсе пытанні. А галоўнае, з аптымізмам, якога часам не хапае маладым, глядзіць на жыццё. ■

Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.