У Браславе абмеркавалі падрыхтоўку да святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі

Вялікай Перамозе - 76
Ход падрыхтоўкі да святкавання 75-й гадавіны вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў абмеркавалі на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына, юбілейная дата вельмі значная для ўсіх нас, а таму і ў справе падрыхтоўкі да яе задзейнічаны шырокія колы грамадскасці — ад асобных браслаўчан да літаральна ўсіх арганізацый раёна. Ужо распрацаваны адпаведныя планы, якія ўтрымліваюць комплекс самых разнастайных мерапрыемстваў.

Тым часам, па даных тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на Браслаўшчыне засталося толькі 8 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 75 былых вязняў. А яшчэ год таму назад лічбы былі 12 і 81 адпаведна. На гэтым фоне ўшанаванне тых, хто бачыў ваеннае ліхалецце на свае вочы, становіцца адной з нашых асноўных задач: грамадства павінна памятаць, якой цаной здабыты мір і чаму яго варта захоўваць.

Што тычыцца ветэранаў і пацярпелых ад вайны асоб, то яны традыцыйна знаходзяцца на асобым рахунку ў адпаведных службаў, замацаваных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і неабыякавых грамадзян. Сацыяльнае і медыцынскае абслугоўванне, бяспека, усебаковая дапамога — усім гэтым яны акружаны ў поўнай меры.

Паралельна ў раёне вядзецца сістэмная работа па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны. Гаворка ідзе пра падтрыманне ў належным стане воінскіх пахаванняў, а таксама архіўна-даследчую дзейнасць па высвятленні імёнаў і лёсу загінулых і тых, хто прапаў без вестак пры вызваленні Браслаўскага раёна.

Што тычыцца непасрэдна святкавання юбілейнай даты, то ў яго рамках запланаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў, што закранаюць многія сферы грамадскага жыцця — ад выхаваўчых і краязнаўчых да ўрачыста-святочных. У сувязі з маштабнымі будаўнічымі работамі, абумоўленымі падрыхтоўкай Браслава да абласных «Дажынак», некаторыя аб’екты плануецца здаць да святочных дат. Так, гарадскі парк па вуліцы Булойчыка і абноўленае воінскае пахаванне там жа набудуць новы выгляд прыкладна да мая, а Дзень незалежнасці браслаўчане сустрэнуць з істотна рэканструяванай Леснічоўкай. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.