Галоўнае, каб людзі засталіся задаволенымі. Як працуе начальнік паштовага аддзялення ў Ахрэмаўцах

Новости
Наталля Мікуцкая кіруе аддзяленнем паштовай сувязі ў Ахрэмаўцах няпоўныя 2 гады, але за гэты непрацяглы час у якасці начальніка паспела заваяваць давер і павагу мясцовых жыхароў. На добрым рахунку яна і ў кіраўніцтва Браслаўскага ўчастка ПС, бо па аб’ёме аказваемых паслуг і якасці абслугоўвання насельніцтва Ахрэмаўскае паштовае аддзяленне адно з лепшых у раёне.

З асаблівасцямі работы пошты Наталля пазнаёмілася яшчэ ў юнацтве: старшакласніцай мясцовай школы разам з сяброўкамі замяшчала паштальёнаў на час іх водпускаў. «Выдаваць пенсіянерам пенсіі нам, малалетнім, вядома ж, не давяралі, — успамінае Н. Мікуцкая, — а вось перыядычныя выданні і паштовыя адпраўленнні мы ахвотна разносілі па вёсках участка».

Хоць прафесійным паштовым работнікам Наталля Чаславаўна стала параўнальна нядаўна, але ўвесь яе працоўны шлях звязаны з галіной абслугоўвання, прычым у родных мясцінах. Больш за 10 гадоў тут жа ў Ахрэмаўцах яна была спачатку прадаўцом, а затым і загадчыцай магазіна. Калі ж спажывецкае таварыства абанкруцілася, часова засталася без работы, аказвала паслугі нямоглым землякам як сацыяльны работнік, а з’явілася магчымасць узначаліць аддзяленне паштовай сувязі — доўга не вагалася, бо асвоіць трэба было толькі тэхналогію працэсу, мець жа добразычлівыя зносіны з людзьмі ў Наталлі Чаславаўны заўжды атрымлівалася. Тым больш што практычна ўсіх жыхароў ахрэмавецкай акругі яна ведае, нават пазнае па голасе таго, хто тэлефануе.

У зоне адказнасці паштовага аддзялення каля 20 населеных пунктаў, якія абслугоўваюць 3 паштальёны. У якасці начальніка Н. Мікуцкая штодзень прымае і адпраўляе машыну з поштай, афармляе дакументы на карэспандэнцыю, пенсіі і тавары паўсядзённага попыту перад выхадам паштальёнаў на даставачныя ўчасткі. Акрамя таго, сама абслугоўвае наведвальнікаў пошты: прымае разнастайныя плацяжы, выдае і адпраўляе пераводы, пасылкі, абналічвае банкаўскія карткі, рэалізуе тавары, латарэі. Пры гэтым вяскоўцы даволі ахвотна і актыўна карыстаюцца такімі паслугамі, як «Экспрэс-пошта», «Камфорт», «Першы клас».

— Каб у мясцовых жыхароў былі запатрабаваны сучасныя віды паштовых адпраўленняў і яны разумелі іх зручнасць, — кажа начальнік аддзялення, — мы павінны найперш не забываць прапаноўваць іх людзям і тлумачыць перавагі.

А размаўляць з кліентамі ў Наталлі Чаславаўны сапраўды атрымліваецца найлепшым чынам. Абаяльная, прыветлівая, з лагоднай усмешкай на твары, яна ўмее знайсці асабісты падыход да кожнага наведвальніка.

— Лічу, самае галоўнае ў маёй рабоце, — разважае жанчына, — так абслужыць кліента, а таксама прапанаваць чалавеку тавары, каб ён застаўся задаволены. Калі надыходзіць тэрмін аплаты камунальных плацяжоў, бывае, праўда, што не паспяваю хутка ўсе іх прыняць, выканаць іншыя аперацыі, дзякую вяскоўцам, што разумеюць гэта і спакойна чакаюць сваёй чаргі. ■

Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.