Перспектывы беларускай школы

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Прэзідэнту далажылі пра абнаўленне школьных вучэбных праграм і падрыхтоўку новых падручнікаў, працоўнае навучанне старшакласнікаў, падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, рэалізацыю напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, экспарт паслуг у сферы адукацыі і заработную плату педагогаў.

«Да пытанняў адукацыі мы звяртаемся пастаянна. Я проста хачу перш за ўсё сам пераканацца, наколькі рэалізуюцца нашы рашэнні ў сферы адукацыі. Калі ёсць неабходнасць, падштурхнуць тыя рэформы, якія ідуць. Хоць рэформамі мы ніколі не займаліся і займацца ў адукацыі не будзем. Мы павінны ўдасканальваць тое, што маем сёння, і тое, што атрымалі ўчора. Ламаць нічога нельга», — падкрэсліў беларускі лідар.

У той жа час Прэзідэнт не выключыў, што пры ўдасканаленні сістэмы адукацыі ў школах і ВНУ давядзецца адмовіцца ад некаторых аспектаў. Ён нагадаў, што даручаў узмацніць практыка-арыентаваную падрыхтоўку, скараціць тэрміны навучання ў ВНУ па многіх дысцыплінах, абнавіць вучэбныя праграмы і падручнікі.

«Падручнікі — гэта ікона, гэта святое. Я як педагог па адукацыі стаўлюся да падручніка, як да іконы, нават у сучасным жыцці, калі кніга не стала патрэбнай, надзённай для людзей: інтэрнэт і іншае… Адно другое, праўда, не выключае. Але для мяне кніга як была іконай, так і засталася. А падручнік на парадак вышэй, чым звычайная кніга, нават самая каштоўная, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І нам з гэтых пазіцый трэба было падысці да падручнікаў, і перш за ўсё ў школе». Такія ж падыходы павінны прымяняцца і да дапаможнікаў для вышэйшых устаноў, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Колькасць навучэнцаў ВНУ, па меркаванні Прэзідэнта, павінна разлічвацца з аглядкай на экспарт адукацыйных паслуг, які прыносіць краіне немалыя грошы і знаходзіцца на кантролі ў кіраўніка дзяржавы.

Зарплаты настаўнікаў, на яго думку, ужо вывелі на прымальны ўзровень, астатняе ў руках саміх педагогаў. «Школа мае магчымасць даплаціць. Настаўнік у нас ужо за Br900 атрымлівае ў сярэднім. Можа, недзе трэба моладзь падтрымаць, можа, яшчэ нешта. Глядзіце, каб вы дашліфавалі зарплату. Нельга настаўніка крыўдзіць — гэта наша апора і аснова. Без настаўніка нічога быць не можа — ні сённяшняга дня, ні заўтрашняга», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паралельна Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна цаніць як школьных настаўнікаў, так і педагогаў у ВНУ.

У час нарады таксама абмяркоўваліся пытанні правядзення экзаменаў пасля заканчэння школы і цэнтралізаванага тэсціравання пры паступленні ў ВНУ. Крытэрыем школьных праграм, па меркаванні беларускага лідара, павінна быць наша жыццё і рэчаіснасць.

«Здаецца, матэматыкаў адных толькі рыхтуем. Давайце гаварыць шчыра, не хачу быць рэтраградам: нам, напэўна, менш за ўсё ў краіне патрэбна матэматыкаў. Паняцці ў матэматыцы павінны быць, таму што мы ў жыцці заўсёды сутыкаемся з матэматыкай. Але ў вялікіх матэматыках патрэбнасць менш за ўсё», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ёсць і іншыя прадметы, праграмы па якіх выбудаваны няправільна. У прыклад ён прывёў біялогію, на якой ледзь ці не палову навучальнага года могуць падрабязна вывучаць чарвякоў. Хоць, калі школьнік не збіраецца станавіцца біёлагам, гэтыя веды ў жыцці яму проста не спатрэбяцца.

Тым часам працоўную падрыхтоўку ў школах неабходна пашыраць. Такую задачу паставіў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, працоўнае навучанне ў старэйшых класах не толькі дае магчымасць школьнікам набыць прафесійныя навыкі, але рыхтуе іх да жыццёвых, бытавых сітуацый, бо «цяперашняе пакаленне з імі ледзь спраўляецца». Ёсць праблемы і з фізічным выхаваннем у школах, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

 

МІНІСТР АДУКАЦЫІ ІГАР КАРПЕНКА ПРА ПАДРАБЯЗНАСЦІ ДАКЛАДА ПРЭЗІДЭНТУ

Паводле слоў міністра, асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў пытанням якасці агульнай сярэдняй адукацыі і зместу вышэйшай адукацыі ў краіне. У сувязі з гэтым Ігар Карпенка расказаў пра некаторыя новаўвядзенні. «Мы ўвялі новую праграму, па якой займаюцца вучні 1-8-х класаў. Маніторым працэс укаранення гэтых праграм, выкарыстання падручнікаў і сёння бачым, што праграмы могуць быць удасканалены, могуць яшчэ падпраўляцца тыя ж падручнікі, мы гэты працэс вядзём пастаянна», — запэўніў ён. Акрамя таго, у міністэрстве маюць намер яшчэ раз вярнуцца да разгляду структуры вучэбнага плана, абавязковай колькасці гадзін на тыдзень у тых ці іншых класах у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Плануецца закрануць і падагульняючую атэстацыю, якая загружае школьнікаў і пры гэтым мае розныя формы на школьных экзаменах і на ўступнай кампаніі. Аднак рэвалюцыйных узрушэнняў, паводле слоў міністра, у сферы не будзе. ■