Вынесены прысуд браслаўчаніну, які са стрэльбай у руках пагражаў жонцы забойствам

Человек и закон
Гвалт у сям’і з’яўляецца сёння адной з найважнейшых прычын, якія спрыяюць сацыяльнаму і псіхалагічнаму нездароўю сям’і, пазбаўляюць яе стабільнасці і бяспекі. Як правіла, характар дамашняга гвалту істотна зрушаны на жанчын з боку мужчын.

За сістэматычнае нанясенне пабояў жонцы жыхар Браслаўскага раёна быў асуджаны ў 2016 годзе. Але належных вывадаў для сябе не зрабіў. Нягледзячы на тое, што жанчына ўжо не магла жыць з ім, што называецца, пад адным дахам, перыядычна прыходзіў у суседні дом і ўчыняў скандалы. Урэшце зноў здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 186 Крымінальнага кодэкса (пагроза забойствам).

У ходзе чарговага канфлікту мужчына ў стане алкагольнага ап’янення стаў пагражаць жонцы забойствам, паабяцаў прынесці стрэльбу і застрэліць яе. Урэшце ажыццявіў свой намер і ўсё-ткі прынёс зброю, загорнутую ў пакрывала.

Убачыўшы гнеўнага мужа са стрэльбай, жанчына не на жарт спалохалася і ўцякла з дому. На шчасце, трагедыі не адбылося, але па дадзеным супрацьпраўным факце пракурорам раёна была распачата крымінальная справа.

Суд Браслаўскага раёна прызнаў абвінавачванага вінаватым у здзяйсненні такога злачынства, як пагроза забойствам, і прызначыў яму з улікам пазіцыі дзяржаўнага абвінаваўцы пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 3 месяцы. Да мужчыны таксама прыменены прымусовыя меры лячэння ад хранічнага алкагалізму. ■

Даведачна:

Грамадзяне, пацярпелыя ад сямейнага гвалту, могуць звярнуцца ў ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Браслаўскага раёна» для змяшчэння іх у «крызісны» пакой і атрымаць там часовы прытулак ад некалькіх гадзін да працяглага перыяду, незалежна ад часу сутак, а таксама месца рэгістрацыі і пражывання.

Алеся СКУРАТ,

старшы памочнік пракурора.