Год малой радзімы: як змяняецца Браслаўшчына

Год малой родины
У пачатку новага каляндарнага года прынята падводзіць вынікі і аналізаваць мінулагоднія здабыткі. 2018-ы ў нашай краіне быў прысвечаны малой радзіме. Што атрымалася рэалізаваць браслаўчанам у гэтым плане, успамінаем разам.

Нашы і маленькія, і дарослыя жыхары даволі актыўна падтрымалі ідэю праслаўлення сваёй малой радзімы і рабілі гэта, трэба сказаць, па-рознаму.

Толькі на старонках газеты карэспандэнты не раз пісалі пра дзейсных і крэатыўных суседзяў, якія па асабістай ініцыятыве стараліся добраўпарадкоўваць і ўпрыгожваць свае двары, рабіць іх утульнымі і бяспечнымі. Людзі разбівалі клумбы, высаджвалі кветкі, устанаўлівалі малыя архітэктурныя формы, перажывалі за чысціню вакол шматпавярховак. Яшчэ адным бокам добраўпарадкавання стала дзейнасць мясцовай улады, арганізацый і прадпрыемстваў, што працавалі асобна ці пад эгідай праектаў. Так, напрыклад, у Друі з’явіўся помнік вузкакалейцы, у Опсе — паўнамаштабная мадэль паравоза і дзіцячая пляцоўка, у Браславе таксама абсталявана гульнявая тэрыторыя ў двары СШ № 1, «вырасла» прыгожая альтанка ў Рубяжы, у Мільках закладзена алея. І гэты пералік можна працягваць.

Браслаўчане ўдзельнічалі ў шматлікіх патрыятычных конкурсах і мерапрыемствах. Школьнікі з задавальненнем чарговы раз далучыліся да акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», юныя краязнаўцы спрабавалі сілы ў навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах, конкурсах, прысвечаных малой радзіме. Дарослыя, якія выраслі ці жывуць у раёне, імкнуліся ўвекавечыць родныя мясціны: так з’явіліся рукатворныя помнікі ў Стайках і каля Баркаўшчызны.

Прыцягвалі ўвагу і нашы, так бы мовіць, славутасці. Разгарнулася даследаванне возера Божае вока, браслаўскім клёцкам была прысвечана тэлеперадача «Жывая культура», пачаў сваё існаванне праект «Кулінарная спадчына». У той жа час супрацоўнікі музея плённа працавалі над захаваннем мясцовых традыцый. З падобнай мэтай праводзіліся святы аграгарадкоў, на ўра праходзілі і ўпадабаныя брэндавыя мерапрыемствы вёсак, напрыклад, «Казянскія асілкі», «Яблычны фэст».

З аднолькавым запалам чытачы дасылалі нам лісты пра любімыя куточкі малой радзімы, а карэспандэнты ў рубрыцы «Ведай нашых!» пісалі пра сваіх таленавітых землякоў, якія праслаўлялі Браслаўшчыну далёка за яе межамі.

Дарэчы, пад знакам малой радзімы пройдзе таксама год сёлетні і наступны. Такое рашэнне замацавана ўказам Прэзідэнта краіны. Таму зрабіць родны куточак самым лепшым і добраўпарадкаваным — задача для ўсіх нас. А з гэтага, як мазаіка, складзецца дабрабыт усёй Беларусі. ■

Вера БУЛАНАВА.