Экскурсію-квэст для школьнікаў арганізавалі ў браслаўскім музеі традыцыйнай культуры

В свободное время
Як зацікавіць гісторыяй падрастаючае пакаленне? Зрабіць так, каб дзеці захацелі вярнуцца ў музей яшчэ раз? І чым прывабіць дарослых, каб яны таксама часцей бывалі на выстаўках? І нават як здзівіць турыста… Адказ ведаюць у музеі традыцыйнай культуры.

Напрыканцы мінулага года тут распрацавалі новую форму ўзаемадзеяння з наведвальнікамі — квэст па экспазіцыі. Адным з першых пашчасціла паўдзельнічаць у ім гімназістам. Напачатку для дзяцей правялі экскурсію па музеі, пазнаёмілі з традыцыйнымі рамёствамі Браслаўшчыны, паказалі некаторыя экспанаты, расказалі пра майстроў. Пасля гімназістаў падзялілі на дзве каманды, далі час прыдумаць назвы — і адправілі ў падарожжа па музеі. Дарэчы, у кожнай групе быў вызначаны харунжы (капітан), які вёў сваіх сяброў, і кашталян, якому выдалі кашалёк (казну) для збору жэтонаў.

Трэба было бачыць, з якім імпэтам хлопчыкі і дзяўчынкі шукалі канверты, чыталі заданні і падказкі, знаходзілі адгадкі і атрымлівалі жэтоны за правільнасць! На працягу ўсяго мерапрыемства іх суправаджалі музейныя работнікі, якія падказвалі і накіроўвалі ў правільны бок.

Заданні для квэста складзены такім чынам, каб удзельнікі не толькі ўзгадалі веды па гісторыі Браслаўшчыны, але і атрымалі новыя. Напрыклад, давялося ім складваць пазл з беларускага арнаменту. Па водгуках дзяцей можна заўважыць, што ім гэта падабаецца.

У музеі традыцыйнай культуры спадзяюцца, што новая экскурсія стане запатрабаванай у наведвальнікаў. Акрамя таго, квэст мае ўсе шансы стаць яшчэ адной фірменнай паслугай установы. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.