У першай школе г. Браслава адбыўся ўрачысты прыём навучэнцаў у рады піянераў

Власть и общество
Піянерская арганізацыя, нягледзячы на змены ў грамадстве, змагла захаваць і прымножыць свае лепшыя традыцыі. Сёння яе дзейнасць па-ранейшаму грунтуецца на прынцыпах сяброўства, узаемадапамогі і справядлівасці. Нязменнымі застаюцца таксама добрыя справы ды цікавыя мерапрыемствы, якія падабаюцца хлопчыкам і дзяўчынкам. Вось і ў мінулую суботу падчас збору піянерскай дружыны СШ № 1 яе рады папоўнілі 55 пяцікласнікаў.

У актавай зале сабраліся навучэнцы 5 — 8 класаў, іх педагогі, бацькі і ганаровыя госці. Значнасць мерапрыемства падкрэсліла група вучняў са сцягам БРПА, што сталі ва ўрачыстай варце.

Спачатку прысутныя ўзгадалі піянераў і школьнікаў, якія змагаліся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, — нездарма збор называўся «Дарогамі мужнасці і памяці». Былы малалетні вязень Алена Угарэнка падзялілася знойдзенымі ёй падчас работы ў школе фактамі пра партызанскую сувязную Вольгу Максімовіч, імя якой носіць піянерская дружына СШ № 1.

Пра цяжкія выпрабаванні расказалі і героі знятага вучнямі і педагогамі фільма «У вайны не дзіцячае аблічча». У франтавікоў і відавочцаў тых страшных падзей былі розныя ўспаміны, але супадалі пажаданні, адрасаваныя нашчадкам: жыць пад мірным небам, ніколі не бачыць вайны.

І вось настаў самы хвалюючы момант: пяцікласнікі далі ўрачыстае абяцанне піянераў. Дырэктар школы Тамара Стома і ганаровыя госці — воіны-інтэрнацыяналісты, педагогі-арганізатары ўстаноў адукацыі раёна, старшыня РС БРПА Алена Міхновіч завязалі вучням чырвона-зялёныя гальштукі і шчыра пажадалі быць першымі ва ўсім, адпавядаць піянерскаму званню.

Як заведзена ў першай школе, не абышлося мерапрыемства без удзелу татаў і мам, якія са сцэны далі бацькоўскі наказ дзецям быць высакароднымі, у меру рамантычнымі, а таксама адказнымі і патрыятычнымі.

Танцавальны ж флэшмоб, да якога далучыліся ўсе прысутныя ў зале, пацвердзіў, што піянерскае жыццё вясёлае і цікавае. Няхай яно будзе такім заўсёды. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.