У Браслаўскім раёне бібліятэка на колах абслугоўвае больш за 500 чытачоў

Власть и общество
Для жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак ужо даўно стала звыклым перасовачнае абслугоўванне — аўталаўкі, пункты паштовых паслуг, а таксама яшчэ адзін від мабільнага сацыяльнага абслугоўвання — бібліятэка на колах.

Больш за восем гадоў ездзіць па дарогах Браслаўшчыны сіні мікрааўтобус, каб даставіць чытачам цікавыя кнігі. У першы год, адзначае дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская, мабільная бібліятэка адпраўлялася па дзесяці маршрутах у 81 населены пункт. Сёння за год яна здзяйсняе каля 110 выездаў і абслугоўвае больш за 500 чытачоў. Не застаюцца па-за ўвагай і вёскі з усяго адным жыхаром. А калі чытач не можа сам прыйсці, то кнігі яму даставяць дадому.

— Нас заўсёды чакаюць не менш, чым аўталаўку, — кажа бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі Данута Калкоўская, — і кожны сельскі аматар літаратуры добра знаёмы з нашым графікам работы. Чытаюць і маладыя, і людзі сярэдняга ўзросту, і пенсіянеры. Безумоўна, зімой кнігавыдача значна большая, чым летам, за выезд іншым разам выдаём да 300 экзэмпляраў кніг і часопісаў.

Жанравыя прыхільнасці вяскоўцаў самыя розныя. Больш за ўсё запатрабаваны жаночыя і гістарычныя раманы, дэтэктывы, класіка беларускіх аўтараў, а таксама кнігі па тэхніцы, рукадзеллі і сельскай гаспадарцы. Можна заказаць кнігі загадзя. Бываюць і нетыповыя заяўкі, напрыклад, Дастаеўскі ці Муракамі. Ёсць на вёсцы і сапраўдныя кнігалюбы, адзначае Д. Калкоўская, якія за адзін раз бяруць па 20 экзэмпляраў. І заўсёды кнігі вяртаюць у ідэальным стане і нават падклееныя. Сярод перыядычных выданняў чытацкім попытам карыстаюцца часопісы «Гаспадыня», «Народны доктар», «Алеся», «Кудесница» і іншыя.

Так што чытаць любяць не толькі гараджане, вясковыя жыхары таксама маюць патрэбу ў духоўнай ежы. А вёска, у якой чытаюць, яшчэ доўга будзе жыць. ■

Тэкст і фота Алены ПЯТУШКА.