Стан спраў у сферы гандлю хлебабулачнымі вырабамі абмеркавалі на нарадзе ў старшыні Браслаўскага райвыканкама

Актуальное Экономика и финансы
Нагодай сталі вынікі маніторынга гандлёвых аб’ектаў, якія паказалі, што на сяле хлеб не толькі нярэдка рэалізуецца з парушэннем тэрмінаў прыгоднасці, але і прывозіцца пры гэтым з іншых раёнаў. Па меншай меры, калі справа тычыцца немясцовых спажыўтаварыстваў, што абслугоўваюць сельскіх жыхароў раёна пасля банкруцтва Браслаўскага райпа.

Таму старшыня райвыканкама завастрыў увагу на неабходнасці перагляду сістэмы збыту прадукцыі браслаўскай вытворчасці. «Так, наш хлебазавод і яго эканамічныя паказчыкі адышлі да вобласці, але там працягваюць працаваць браслаўчане. І менавіта іх закране аптымізацыя, якая можа прайсці за памяншэннем аб’ёмаў выпуску. Таму свая вытворчасць павінна быць у прыярытэце», — сказаў А. Баданін.

Паралельна кіраўнік раёна не выключае здаровую канкурэнцыю і рыначнае рэгуляванне працэсаў. «Ніякай манаполіі быць не павінна», — адзначыў ён, маючы на ўвазе як мінімум роўнае размеркаванне прылаўкаў паміж канкурыруючымі вытворцамі.

Разам з тым і браслаўскім хлебапёкам, па меркаванні галавы раёна, ёсць над чым працаваць. Гаворка ідзе пра развіццё фірменнага гандлю ў накірунку пашырэння асартыменту ў асобных магазінах, а таксама прадастаўленне пакупнікам магчымасці набыць самы свежы хлеб. «Браслаўчане павінны ведаць, дзе і ў які час яны змогуць знайсці хлебабулачныя вырабы, як кажуць, прама з печы», — рэзюмаваў старшыня райвыканкама. Тут, безумоўна, дапаможа прадуманы маркетынг і рэклама.

Словам, эканамічная служба раёна ўжо атрымала адпаведныя задачы. А іх станоўчае вырашэнне не толькі зробіць мясцовы спажывецкі рынак больш насычаным і справядлівым, але і істотна падтрымае браслаўскіх вытворцаў. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.