Скора ў поле: спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарча праверылі гатоўнасць тэхнікі да пасяўной

Экономика и финансы
Хацелася б пачаць матэрыял з традыцыйнага: зіма — у сельгаспрадпрыемствах раёна поўным ходам ідзе рамонт тэхнікі, але гэта будзе няпраўда. У сярэдзіне лютага на большасці мехдвароў яшчэ, як кажуць, і конь не валяўся.

Кожны тыдзень, а то і часцей галоўны спецыяліст аддзела механізацыі ўпраўлення райсельгасхарча Максім Сельскі і галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным абслугоўваннем транспарту ўпраўлення райсельгасхарча Леанід Заяц аб’язджаюць гаспадаркі раёна, каб пракантраляваць працэс рамонтных работ ды, паразмаўляўшы «па душах» з кіраўніцтвам, паскорыць яго. Але парады, нараканні, пагрозы штрафам дзейнічаюць не заўсёды. Безумоўна, ёсць такія, каго піхаць у спіну не трэба, яны добра разумеюць, што падрыхтоўка тэхнікі — працэс вельмі адказны і доўгатэрміновы. Напрыклад, у «Маяку» ёсць пэўны графік рамонту, і, каб не марудзіць і не даводзіць да розуму тэхніку ў апошнія дні перад выездам на палі, там цвёрда прытрымліваюцца тэрмінаў. Большменш актыўна працуюць слесары-рамонтнікі ў «Агравідзах».

Зваршчык Яўген Агапотаў робіць лапы для культыватараў.

Там на сённяшні дзень адрамантавалі бароны і перайшлі да наладкі прычапных агрэгатаў. Самастойна, але таксама не спяшаючыся, аднаўляюць тэхніку ў ААТ «Слабодка-агра» і «Друйскі».

Астатнія гаспадаркі пакуль не асабліва варушацца. А пасля апошняга рэйду па мехдварах Леанід Пятровіч зноў застаўся незадаволены, бо ў некаторых з іх не могуць справіцца нават з простай і незатратнай работай. Час жа «Ч», калі на палі трэба выгнаць тэхніку з плугамі, баронамі і культыватарамі, няўмольна набліжаецца.

У «Мяжанах», напрыклад, адрамантавалі бароны і адзін культыватар, яшчэ адзін падцягнулі бліжэй да майстэрні, відаць, плануюць працаваць над ім. Тое самае можна лічыць падрыхтаваным да работы ў полі і ў «Браслаўскім». У «Бярозавым краі» толькі нядаўна ўзяліся за наладку барон і то, як адзначае Леанід Заяц, зрухі ёсць толькі на мехдвары ў Падрукшы, у Вайнюнцах жа ніхто не працуе. Калі ўзяць «Альшанку», «Браслаўскі аграсэрвіс» і «Відзаўскі», увогуле няма пра што казаць.

Тым часам інспектар кажа, што такія абыякавыя адносіны да важнай справы могуць выйсці бокам некаторым кіраўнікам. Трэба разумець і механізатарам, што, калі сёння не наладзіць тэхніку, заўтра не будзе на чым сеяць, а значыць, збіраць таксама не будзе чаго. Зразумела, што рамонт сельгастэхнікі абыходзіцца вельмі дорага, але пакуль можна выконваць работы, якія не патрабуюць вялікіх затрат. Хто жадае працаваць, той знаходзіць выйсце: робіць з металалому лапы для культыватараў, здымае і перастаўляе дэталі са старой, даўно спісанай тэхнікі. Безумоўна, пэўная сума грошай будзе выдзелена з бюджэту, але дапамагчы ўсім, на жаль, немагчыма. Таму спадзявацца сельгаспрадпрыемствам і іх працаўнікам трэба толькі на сябе. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.