Птушкі зімой. Што можна і што нельга класці ў кармушку?

В свободное время
Зіма — цяжкі час для многіх птушак, якія не адлятаюць у вырай. У гэтую пару пагрозай для іх з’яўляецца нават не холад, а ў першую чаргу бяскорміца.

Адшукваць штосьці пад снегам дастаткова складана, насякомых зімой няма, а ў маразы ежы патрабуецца больш для падтрымання нармальнай тэмпературы цела.

Таму птушкі вымушана збіраюцца там, дзе пракорм знайсці прасцей, — побач з чалавекам.

Чым карміць пярнатых?

Універсальны корм — звычайнае чорнае насенне сланечніку. Яго з задавальненнем ядуць практычна ўсе зімуючыя птушкі, і яно даволі пажыўнае. Пры гэтым насенне сланечніку з белымі палоскамі падыходзіць у меншай ступені: у яго больш тоўстая абалонка і дробныя птушкі проста не могуць дабрацца да зерня.

Іншым недарагім і ўніверсальным кормам з’яўляюцца нарэзаныя свежыя яблыкі. Сініцы будуць таксама ўдзячныя за падвешаны кавалачак нясоленага сала. Сойкі і дубаносы вельмі любяць арэхі: для іх падыдзе нясмажаны арахіс.

А вось шчыглы, снегіры, амялушкі і іншыя «дзікія» птушкі крыху больш пераборлівыя і аддаюць перавагу прыроднаму корму. Шчыглы любяць насенне дзядоўніку (тыя самыя «ліпучкі», якімі, напэўна, кожны кідаўся ў дзяцінстве). Снегіры, амялушкі аддаюць перавагу пладам і з задавальненнем дзяўбуць ягады рабіны і яблыкі.

Ні ў якім разе нельга даваць птушкам смажанае (тлушчы, якія ўтвараюцца пры смажанні, вельмі шкодныя для печані птушак) і салёнае (сур’ёзнае выпрабаванне для нырак). Таксама непажадана падкормліваць чорным хлебам: актыўнае закісанне ў кішэчніку не лепшым чынам адбіваецца на самаадчуванні пярнатых. Ну і, нарэшце, не варта даваць птушкам сапсаваныя, зацвілыя, прагорклыя прадукты, наіўна мяркуючы, што для іх можа быць добра тое, чым можа атруціцца чалавек. ■

Аляксандр АНТОНАЎ,

дзяржінспектар МІ АЖ і РС.